Смак турэмнай кавы



Адным з першых беларускіх палітычных вязняў быў паэт Алесь Салагуб… Нарадзіўся хлопец у вёсцы Зарудзічы на Смаргоншчыне, а яго турэмная лірыка – у Лукішскай турме, у Вільні. Гэтыя шэрыя восеньскія дні – час згадваць рэпрэсаваных паэтаў і іх трагічны лёс. Іх вершы.

Небасхіл увесь заліты агнямі — Ён прарочыць нам лепшыя дні. Мы — агні і жывём мы агнямі, Каб ствараць светазарны агні. Нам не страх, што мы самі загінем, Не дасягшы сваёй вышыні, Але страх, па сабе ці пакінем Светазарнага шчасця агні?!

Разам з цытаваннем вершаў і іх літаратуразнаўчым аналізам можна правесці параўнальны аналіз турмаў.

У астрозе седзячы гады, Чаго тут, братка, не скаштуеш, Чаго чаго, а ўжо вады, Хоць утапіся, не шкадуюць. На ранку ўстанеш, чорнай кавы З цабэрка ў міску наліюць, Хоць крыху смак яе гаркавы, Але ў горы й слёзы п’юць…

Важная дэталь: у польскіх турмах налівалі кавы і не ашчаджалі ваду! Турэмныя камітэты адстойвалі правы палітвязняў. У Лукішскай турме была шыкоўная бібліятэка, дзе да 1931 года нават марксісцкая літаратура прысутнічала, сюды рэгулярна прыходзіла прагрэсіўная перыёдыка. У Лукішках былі дазволеныя спатканні: да Аляксея Феафілавіча Салагуба (у Вільню з Зарудзічаў!) прыязджалі маці, каханая дзяўчына, яго наведвалі віленскія таварышы. У Лукішках ён мог пісаць вершы.

У савецкай турме не да вершаў было. Некаторыя яе спецыфічныя традыцыі арганічна ўпісаліся ў сучасныя беларускія рэаліі. Дэфіцыт вады. Літаратуры. Спатканняў з роднымі… І шмат іншых рэчаў. Ці варта згадваць пра каву? Пэўна, не.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ