Краіна, пасля наведвання якой, не патрэбны каранцін



Сербія – адна з нешматлікіх краінаў, дзе па прыедзе туды ці па прылёце адтуль, беларусам не трэба сыходзіць на каранцін і рабіць тэст. Ды і ўвогуле туды не патрэбная ніякая віза (да 30 дзён прыбывання), патрэбная толькі страхоўка з лячэннем ад COVID-19. Чым не прыцягальная гэтая краіна падчас пандэміі каронавірусу? Але сказаць, што сербы абыякава ставяцца да каронавірусу нельга. Усе яны носяць маскі і апрацоўваюць антысептыкам рукі. Маскі на іх тварах заўважныя і падчас перасоўвання па горадзе. У сталіцы Сербіі – Белградзе меры бяспекі захоўваюцца паўсюдна – у гатэлях, крамах, кавярнях ды іншых грамадскіх месцах.

Сербія – гэта незалежная краіна, якая месціцца на паўднёвым усходзе Еўропа ў цэнтры Балканскага паўвострава. Праўда, у адрозненне ад краін-суседак не мае выхаду да мора. Але ў цэнтры яе сталіцы Белградзе, побач са старажытным замкам можна пабачыць як зліваюцца дзве ракі Сава і Дунай.

Дарэчы, назваў крамаў, рэстарацый, кавярняў ды іншых гандлёвых і забаўляльных кропак пад назвай Sava шмат.

У Сербіі, па выніках перапісу 2011 года, жыве крыху больш за 7 мільёнаў чалавек. У краіне налічваецца 29 гарадоў, 195 населеных пунктаў гарадскога тыпу і 6158 вёсак. Сербія мае вялікую колькасць бежанцаў, іх доля ў насельніцтве краіны вагаецца ад 7% да 7,5%.

Краіна імкнецца да еўрапеізацыі, бо з 1 сакавіка 2012 года афіцыйна набыла статус кандыдата ў чальцы Еўразвязу. Але ў іх, напрыклад, даволі дзіўная пазіцыя да ЛГБТ супольнасці, у той час як прэм’ер-міністр краіны Ганна Брнабіч адкрытая лесбійка і там праводзяцца гей-парады.

У сталіцы Белграда, як і ў іншых еўрапейскіх краінах, увечары кіпіць гарадское жыццё, хоць у сувязі з каронавірусам яно ўжо не такое актыўнае. У рэстарацыях і кавярнях, асабліва якія знаходзяцца на набярэжнай Савы, наперабой гучаць разнастайная мелодыі, у тым ліку і жывая музыка. Такім чынам ды яшчэ сваім разнастайным меню забаўляльныя ўстановы прыцягваюць кліентаў. Але найбольш прыгожая, меладычная і рамантычная жывая музыка падчас маёй вандроўкі была ўсё ж у цэнтры сталіцы ў кавярні насупраць гатэля “Масква”.

Там так пранікліва спяваў малады серб, што мне з сяброўкай, шпацыруючы па вячэрнім горадзе, нават давялося спыніцца, каб паслухаць яго. А потым і зайсці ў забаўляльную ўстанову, каб далей застацца пад уражаннем. Дарэчы, яна была перапоўненая, і, на шчасце, якраз перад нашым спыненнем там вызваліўся адзін столік. Мы вырашылі застацца ў гэтай рэстарацыі і, вядома, сышлі мы адтуль толькі пасля яе закрыцця. Сербскія песні гэтага хлопца запалі нам у душу, мы іх нават запісалі на відэа і дыктафон.

А якімі ж нацыянальнымі стравамі і напоямі частуюць турыстаў і гасцей у Сербіі? Мы не будзем разбірацца, наколькі чыста нацыянальнымі з’яўляюцца стравы, якія сталі ў Сербіі ўжо традыцыйнымі, бо трэба мець на ўвазе, што «жыццё» сербскай кухні праходзіла пад вельмі рознымі ўплывамі. Тут больш за 400 гадоў жылі туркі, у розны час быў моцны ўплыў і ўзаемадзеянне з венграмі, аўстрыйцамі, балгарамі, французамі і г.д. Але, на мой погляд, сербская кухня мала чым адрозніваецца ад іншых еўрапейскіх, хіба што сваёй чысцінёй і ўжываннем невялікай колькасці розных заправаў. Як на мой густ, гэта добра. Там у асноўным прапаноўваюць мясныя і малочныя стравы, асабліва сыры, шмат іх з казінага малака. Да мяса падаюць айвар – гэта агароднінная ікра з папрыкай з дадаваннем баклажанаў. Існуюць варыяцыі, але папрыка як аснова айвара прысутнічае ў кожным рэцэпце.

А яшчэ давялося пакаштаваць “бурэк” – сербскі пірог са слоенага цеста, які робіцца з розным начыннем. Вельмі папулярны такі пірог у Турцыі і ў краінах, якія раней уваходзілі ў Асманскую імперыю. Я яго ела з сырам. Мне ён падаўся вельмі тлустым, але іншым маім спадарожнікам ён спадабаўся. Гэта я толькі крыху апісала сербскую кухню, вядома, што там большая разнастайнасць.

Нацыянальным спіртным моцным напоем там лічыцца ракія – самагон са сліў, груш, вінаграду ці іншай садавіны, лікёр з палыну “Пялінкавец”, які чымсьці нагадвае “Абсэнт, больш лёгкія напоі – гэта наліўкі ды віно.

Калі мы зайшлі ў звычайную харчовую краму, то нас здзівілі там назвы вінаў, не толькі ў Беларусі вялікая крэатыўная разнастайнасць у гэтым сэнсе. Міма вінаў з назвамі “Уладыка”, “Манарх”, “Дэспат” ды іншых мы не прайшлі.

Архітэктура сталіцы Сербіі Белграда – гэта ўнікальнае спалучэнне розных эпох і стыляў, ад спадчыны візантыйскай эпохі, неакласіцызму і рамантызму да сацыялістычнага мадэрнізму і сучасных шматпавярховікаў. А ў самымі цэнтры горада ўзвышаецца Белградская крэпасць – гісторыка-культурны помнік Белграда, які знаходзіцца ў месцы зліцця рэк Савы і Дуная і ўяўляе сабой Верхні горад і Ніжні горад, а таксама парк Калемегдан. Крэпасць была пабудаваная ў I стагоддзі і з тых часоў належала візантыйцам, туркам, балгарам і венграм.

Можна доўга распавядаць пра Сербію і яе сталіцу, але няхай застанецца яшчэ шмат недагаворанага, каб вам захацелася яе наведаць і спазнаць. Бо пакуль па прыбыцці ў гэтую краіну не трэба адбываць каранцін, як і па прылёце з яе ў Беларусь.

Таму тым, хто засядзеўся дома, і каму надакучыла адпачываць у Егіпце ды Турцыі, раю спазнаць і гэтую еўрапейскую краіну ў цэнтры Балканскага паўвострава. Кошты там прымальныя.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя