У БДМУ прайшла сустрэча з рэктарам з нагоды адлічэння студэнтаў



Каля Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта сёння зноў адбылася акцыя салідарнасці з адлічанымі студэнтамі. Людзі сталі збірацца днём, калі ў ВНУ павінна была пачацца сустрэча адміністрацыі са студэнтамі і бацькамі.

Каля сотні чалавек да самага вечара стаялі каля ўваходу ў БДМУ з плакатамі „Мы з вамі!”, „Пакорны студэнт сёння — вораг пацыента заўтра”, „БДУІР не адлічвае”, „Педыятры са студэнтамі педфака” і інш. Як паведамляюць студэнты ВНУ, апошнія ўдзельнікі акцыі разышліся каля 19.30. Затрыманняў не было.

Сустрэчу з рэктарам Сяргеем Рубніковічам ініцыявала група, якая складаецца са студэнтаў, выкладчыкаў і бацькоў. Яны патрабавалі адмяніць рашэнне аб адлічэнні 21 студэнта. Гэтыя студэнты бралі ўдзел у розных мірных грамадзянскіх акцыях і выказвалі сваё стаўленне да грамадска-палітычных працэсаў у краіне.

Юрыста, якога запрасіла ініцыятыўная група, на размову не пусцілі, не дазволілі весці відэаздымку, пра якую дамовіліся напярэдадні.

Рэктару была перададзеная петыцыя, якую за суткі падпісалі 182 супрацоўнікі БДМУ. Асноўныя патрабаванні — адмяніць загад аб адлічэнні студэнтаў, звольніць з універсітэта прарэктара па выхаваўчай рабоце Паўла Маркаўцана і начальніка аддзела па выхаваўчай рабоце з моладдзю Наталлю Кібік, якія „не справіліся з працай” і дзейнасць якіх „прывяла да ўзмацнення пратэстных настрояў у студэнцкім асяроддзі”.

Як паведамляюць тэлеграм-каналы медыцынскай супольнасці „Белыя халаты” і ўніверсітэта „Рупар БДМУ”, падчас сустрэчы адміністрацыя ВНУ патлумачыла, што студэнты былі звольненыя з-за парушэнняў артыкула 128 Кодэкса аб адукацыі — „за здзяйсненне дысцыплінарнай правіны”.

Па выніках сустрэчы, адзначаецца ў тэлеграм-каналах, „ні адно з патрабаванняў не было задаволена нават часткова”. „На групу быў аказаны націск, рэктарат адчувае сябе беспакараным”, — гаворыцца ў паведамленнях.

Разам з тым рэктар не выключыў, што адлічаных студэнтаў „могуць аднавіць у БДМУ цягам сямі месяцаў пры ўмове, што ва ўніверсітэце не будуць праходзіць ніякія акцыі”. „Ніякіх песень, улётак і налепак. Вяртанне ў глуш, з якой мы толькі выбраліся, інакш кажучы. А могуць і не аднавіць. А калі ў студэнта ёсць затрыманні, хутчэй за ўсё, ён не будзе адноўлены”, — піша „Рупар БДМУ”.

belapan.by