З БМЗ звольнілі рабочых, якія заявілі пра забастоўку



Кіраўніцтва Беларускага металургічнага завода, размешчанага ў Жлобіне, 30 кастрычніка звольніла двух рабочых, якія далучыліся да забастоўкі.

29 кастрычніка аператар трубапракатнага цэха БМЗ Сяргей Анісімаў, а 30 кастрычніка слесар-рамонтнік Аляксей Аўдзееў заявілі пра забастоўку і запісалі адпаведны відэазварот.

Раніцай 30 кастрычніка быў звольнены Анісімаў, а пасля абеду — Аўдзееў.

„Я не шкадую. Ведаў і разумеў, чым гэта мне можа пагражаць. Да пачатку ўсеагульнай забастоўкі, 26 кастрычніка, на заводзе гэтую тэму абмяркоўвалі, планавалі сабрацца каля прахадных. Але 26 кастрычніка ніхто не выйшаў. Прыехалі пад завод міліцэйскія аўтамабілі, і ўсё. Увогуле, я ўжо і неяк знаходзіцца ў такім калектыве не мог”, — заявіў БелаПАН Аўдзееў.

Ён запісаў відэазварот да калег у надзеі, што „да кагосьці дойдзе, хтосьці знойдзе смеласць”. „Але такога не здарылася. У цэху была мёртвая цішыня. Потым прыйшло кіраўніцтва, і мяне звольнілі. Выдалі працоўную і вывелі за прахадную. Спачатку мне напісалі заданне, я яго не выканаў, бо далучыўся да забастоўкі, мне напісалі, што звальняюць з-за таго, што адмовіўся выконваць свае працоўныя абавязкі”, — сказаў былы работнік БМЗ.

Зарплата слесара-рамонтніка складала каля 1.100 рублёў. У горадзе такую працу знайсці складана. „Але эканамічнае становішча ўсё ж у нас не вельмі, і гэта ўжо адбіваецца на працы завода: долар расце, нафтаздабыча, для якой мы катаем трубы, падае”, — заявіў Аўдзееў.

belapan.by