Праўладны аўтапрабег і акцыя ў падтрымку страйкоўцаў на „Гродна-Азот”



Удзень у Гародні ля кургана славы прайшоў праўладны аўтапрабег, які сабраў каля 40 аўтамашын з розных рэгіёнаў Беларусі і звыш дзясятак гарадзенцаў.

Паведамляе праваабаронца Уладзімір Хілімановіч:

– Прыхільнікі Лукашэнкі былі сабраныя, можа, машын 40. Самае характэрнае, што яны былі не толькі з чырвона-зялёнымі сцягамі, але і з расейскімі сцяжкамі, праўда невялікімі. Не так шмат іх было. Здаецца, быў нават сцяг вось гэтай фашыстоўскай расейскай арганізацыі “НОД” – адзін, і 3-4 расейскія сцягі і некалькі дзясяткаў чырвона-зялёных.

Каля кургана ахоўвалі ўзброеныя людзі, так званыя “касманаўты”, прычым з баявымі аўтаматамі.

Тым часам у раёне аўтавакзала сабралася пад 200 чалавек. Яны стаялі без сцягоў, плакатаў, лозунгаў. Калі яны рушылі расцягнутай калонай у бок «Гродна Азот», міліцыя пачала іх затрымліваць.

– Курган славы. Гэта ўсё побач з «Гродна-Азот». Таму што людзі збіраліся прайсці маршам у падтрымку страйкуючых „азотаўцаў”, але ім перакрылі, быў перакрыты цэнтр у раёне аўтавакзала.

А гэтым далі зялёнае святло, і яны прыехалі з усёй Беларусі. Іх збіралі, але ўражанне масавасці ім стварыць сёння не ўдалося.

Перакрывалі і ўчастак праспекта Касманаўтаў, там адбыліся затрыманні. Каля 100-150 сілавікоў у шлемах бегалі па дварах і затрымлівалі людзей, што ішлі падтрымаць супрацоўнікаў «Гродна-Азот».

Беларускае Радыё Рацыя

Фота:  tut.by