Мінфін плануе заняць у насельніцтва 75 млн даляраў
Міністэрства фінансаў 9 лістапада пачынае продаж фізічным асобам аблігацый сёмага выпуску, намінаваных у далярах ЗША. Аб’ём эмісіі — 75 млн даляраў.
Намінальны кошт адной аблігацыі — тысяча даляраў, стаўка працэнтнага даходу — 3,2% гадавых, тэрмін абарачэння аблігацый — тры гады, перыяд размяшчэння — з 9 лістапада 2020 года па 8 кастрычніка 2021 года. Датэрміновы выкуп аблігацый не прадугледжаны, размяшчэнне аблігацый ажыццяўляецца праз падраздзяленні „Беларусбанка” і „Белаграпрамбанка”.
Запазычанні на ўнутраным рынку Мінфін прыцягвае для рэфінансавання плацяжоў па дзярждоўгу. У 2020 годзе Беларусь, згодна з законам аб бюджэце, павінна накіраваць на абслугоўванне дзяржаўнага доўгу 2,9 млрд рублёў і 6 млрд — на пагашэнне асноўнага доўгу. Дзярждоўг і ўсе выплаты па ім намінаваныя пераважна ў замежнай валюце.
Па стане на 1 кастрычніка ўнутраны дзярждоўг склаў 10,5 млрд рублёў і ў сувязі з ростам курсаў замежных валют павялічыўся ў гэтым годзе на 20%, або на 1,7 млрд рублёў.
У студзені—верасні 2020 года Мінфін размясціў унутраных валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на суму, эквівалентную 294,4 млн долараў ЗША і 300 млн рублёў. Аб’ём пагашэння валютных і рублёвых дзяржаблігацый склаў 469,5 млн даляраў ЗША і 161,2 млн рублёў.
Знешні дзяржаўны доўг Беларусі па стане на 1 кастрычніка 2020 года склаў 17,6 млрд даляраў ЗША, павялічыўшыся з пачатку года на 0,4 млрд даляраў ЗША, або на 2,6%. У студзені—верасні 2020 года прыцягнутыя знешнія дзяржаўныя пазыкі на 1.964,1 млн долараў ЗША, пагашэнне знешняга дзярждоўгу ў студзені—верасні 2020 года склала 1.323,3 млн даляраў ЗША.