Мікалай Падгайскі: Сёлета свята Дзяды стала надзвычай актуальным



2 лістапада – дзяржаўнае свята дзень памяці. З 90 па 96 год 2 лістапада быў выходным днём, пасля Аляксандр Лукашэнка зрабіў яго працоўным, бо, нібыта, дапаўняць рэлігійныя святы яшчэ адным нерабочым днём немэтазгодна.

З сённяшнім госцем Радыё Рацыя, намеснікам старшыні Баранавіцкай філіі Таварыства беларускай мовы Мікалаем Падгайскім карэспандэнт Рацыі пагаварыў пра восеньскія Дзяды – дзень памінання памерлых.

РР: Гэтае свята, Дзяды, з 80-х гадоў у Беларусі выйшла за рамкі сямейнага. Гэта чамусьці раздражняла як савецкія ўлады, так і сённяшні рэжым. Чаму?

Мікалай Падгайскі: Ясна чаму. Таму што сучасны рэжым і савецкі рэжым – гэта ўсё спадкаемцы той сталінскай улады – сваякі, сябры і г.д., тых, хто пры Сталіне забіваў, хто судзіў тройкамі, хто закладваў людзей. Гэта тая сама бесчалавечная ўлада, яна засталася і пры Лукашэнку. Прыкмета якая? Самая простая, самая верная. Калі не будзе помнікаў Леніну, значыць улада памянялася. Першым, хто пачаў тэрор, – гэта ленінскі тэрор. Гэта Ленін 300 паўстанняў задушыў, патапіў у крыві, 300 паўстанняў па ўсё Расеі, ужо не кажучы пра тое, што было далей. Пра Дзяржынскага і іншых. З Леніна ўсё пайшло. І сёння ў кожным беларускім горадзе стаіць яму помнік. Вось дзе зло. Значыць, у нас пануе сістэма зла. Вось такое маё бачанне.

РР: А што можаце сказаць пра колішняе святкаванне Дзядоў і цяперашняе? Вы на Дзяды былі ля Крыжа памяці ў Баранавічах, што змянілася за мінулыя гады?

 Мікалай Падгайскі: Я б сказаў, што за апошнія паўгода сітуацыя кардынальна памянялася. У сэнсе адносін да гэтага свята. Таму што лукашысцкі рэжым стаў на шлях рэпрэсій. Канешне, гэта рэпрэсіі не сталінскія. Таму што пры Сталіне забівалі, адпраўлялі ў канцлагеры. Хаця і Лукашэнка забівае, на яго руках кроў ёсць. Але ўсё ж такі гэта непараўнальна. Але гэта таксама рэпрэсіі. Таму, калі раней у нас збіралася чалавек 20, можа 30 максімум, то ў гэтым годзе людзі самі прыйшлі – каля сотні чалавек. Нягледзячы на тое, што стаялі два аўтазакі і аўтобус з амонаўцамі, там яшчэ іхнія машыны стаялі каля гэтага невялічкага скверу. У гэтым годзе гэтае свята набыло адмысловыя фарбы, яно больш актуальным стала. Гэта ж нічым іншым як рэпрэсіі, тое што робіць рэжым са сваім народам, не назавеш.

Цалкам размова:

З госцем Рацыі размаўляла Алеся Адамчук.