216 выкладчыкаў і супрацоўнікаў БДМУ патрабуюць ад рэктара аднавіць адлічаных студэнтаў
Яны пісьмова звярнуліся да Сяргея Рубніковіча.
Супрацоўнікі медуніверсітэта адзначаюць, паведамляе тэлеграм-канал «Рупар БДМУ», што 28 кастрычніка ў ВНУ адбылася «беспрэцэдэнтная падзея — масавае адлічэнне студэнтаў, браўшых удзел у розных мірных грамадзянскіх акцыях», што «з’яўлялася рэалізацыяй іх неад’емлемага права, згодна з 33 артыкулам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь».
Далей выкладчыкі цытуюць Статут свайго ВНУ, дзе адзначаецца, што «адлічэнне як мера дысцыплінарнай адказнасці можа быць ужыта за: працяглую адсутнасць (больш 30 дзён, а для асоб, якія асвойваюць змест адукацыйных праграм дадатковай адукацыі , больш за тры дні) без уважлівых прычын на навучальных занятках на працягу навучальнага года; сістэматычнае (паўторнае на працягу навучальнага года) невыкананне або неналежнае выкананне абавязкаў навучэнцам, калі да яго раней прымяняліся меры дысцыплінарнага спагнання».
Аўтары ліста упэўненыя, што ніхто з адлічаных студэнтаў пад параграфы аб адлічэнні не падпадае. Гэта значыць, што іх адлічэнне «незаконнае і расцэньваецца намі як палітычна матываваная акцыя помсты за непажаданую адміністрацыі ўніверсітэта грамадзянскую пазіцыю».
Напрыканцы выкладчікі і супрацоўнікі БДМУ патрабуюць адмяніць загад аб адлічэнні студэнтаў, а таксама «распачаць фарміраванне ва ўніверсітэце атмасферы ўзаемнага даверу і партнёрскіх узаемаадносін».
«У выпадку адмовы ў задавальненні патрабаванняў, — пішуць педагогі, — мы пакідаем за сабой права патрабаваць склікання Савета універсітэта, звяртацца ў рэспубліканскія і міжнародныя арганізацыі, у тым ліку акадэмічныя, з хадайніцтвам аб прыпыненні членства універсітэта ў Балонскім працэсе».
Ліст падпісалі 216 супрацоўнікаў БДМУ.