У Менску адбыўся традыцыйны марш пенсіянераў



16.30  На плошчы Якуба Коласа ўдзельнікі маршу пенсіянераў і медыкаў станчылі і пачалі разыходзіцца.

15.05 Удзельнікі маршу пенсіянераў і медыкаў набліжаюцца да плошчы Якуба Коласа.

„Марш мудрасці” дайшоў да плошчы „Перамогі”.

Да маршу пенсіянераў актыўна далучаюцца людзі розных узростаў.

Галава калоны дайшла да будынкаў МУС і КДБ. Дэманстранты скандуюць „Трыбунал!”, „Выпускай!”, „Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго”, „Пошел вон, ты и твой ОМОН!”.

Аўтамабілісты сігналяць у знак падтрымкі. Удзельнікаў маршу вітаюць мінакі.

На супрацьлеглым баку праспекта прыпаркаваныя міліцэйскія мікрааўтобусы.

Некалькі соцень людзей старэйшага ўзросту прыйшлі да касцёла са сцягамі, бел-чырвона-белымі парасонамі, кветкамі і стужкамі, абразамі. Людзі, якія сабраліся, скандуюць: „Гэта наш горад”, „Жыве Беларусь!”, „Верым, можам, пераможам”, „Хопіць нас палохаць!”, „Лукашэнку ў аўтазак” і іншыя лозунгі пратэсту. Некаторыя трымаюць плакаты з надпісамі: „Краіне патрабуецца сумленны суддзя”, „Хопіць саджаць, пара выпускаць”, „Не гвалту”, „Хопіць маўчаць!”, „Ганьба БТ”, „Сыходзь”.

Удзельнікі акцыі пакідаюць ля ўваходу ў касцёл запаленыя лампадкі ў памяць пра памерлых. Сёння, 2 лістапада, беларусы адзначаюць дзень памінання продкаў Дзяды.

За тым, што адбываецца, назіраюць супрацоўнікі міліцыі ў форме, у мегафон яны папярэджваюць прысутных пра незаконнасць мерапрыемства.

У 14.10 удзельнікі маршу рушылі ў бок праспекта Незалежнасці.

Папярэдні марш пенсіянераў адбыўся тыдзень таму, 26 кастрычніка. Ён быў самым шматлікім, бо па дарозе да калоны далучыліся людзі розных узростаў, у тым ліку студэнты.

belapan.by