Матч кваліфікацыі ЧЕ-2022 па гандболе Латвія – Беларусь, хутчэй за ўсё, адбудзецца



Матч 2-га тура кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2022 паміж зборнымі Латвіі і Беларусі, хутчэй за ўсё, адбудзецца. Раней сустрэча знаходзілася пад пагрозай адмены. Паядынак, які павінен прайсці ў Валміеры, прызначаны на 7 лістапада. Да нацыянальнай каманды, якая ўсё ж збярэцца на збор, далучыўся гандбаліст „Мяшкоў Брэст” Андрэй Юрынок. У папярэдніх спісах на выклік у свае зборныя значыліся многія легіянеры БГК, але з-за каранцінных абавязацельстваў пры перасячэнні межаў і складанай эпідэміялагічнай абстаноўкі ўсе яны ў гэтую міжнародную паўзу застаюцца ў Берасці, адзначае прэс-служба „Мяшкоў Брэст”.

Міністэрства спорту Беларусі не падоўжыць кантракты з лідарамі зборнай па пляжным футболе

Па выніках пераатэстацыі нацыянальнай каманды Беларусі, праведзенай Міністэрствам спорту рэспублікі, кантракты на 2021 год з шэрагам гульцоў не будуць прадоўжаны. Прычына, па якой дамовы не пралангуюцца, не ляжыць у плоскасці спартовых паказчыкаў. Сярод футбалістаў, якія на дадзены момант не змогуць бараніць колеры нацыянальнай зборнай у 2021 годзе, фігуруюць такія імёны і прозвішчы, як Валерый Макарэвіч, Ігар Брышталь, Ілля Савіч, Іван Мірановіч і іншыя. Таксама смутнай застаецца сітуацыя з іспанскім трэнерскім штабам каманды. Зборная Беларусі на сённяшні дзень займае 15-ы радок у сусветным і 6-е месца ў еўрапейскім рэйтынгу зборных.

УЕФА замяніў беларускіх суддзяў на нідэрландскіх ў матчы „Зальцбурга” і „Баварыі” ў Лізе чэмпіёнаў

УЕФА замяніў беларускую брыгаду арбітраў, раней прызначаную на матч групавога раўнда Лігі чэмпіёнаў паміж „Зальцбургам” і „Баварыяй”, на нідэрландскую. Першапачаткова гульню павінны былі абслугоўваць рэферы Аляксей Кульбакоў, Дзмітрый Жук і Алег Маслянка. Зараз на афіцыйным сайце УЕФА пазначаны суддзі Дані Макелен, Марыё Дыкс і Хессал Сцігстра. Як стала вядома “Прэсболу”, у аднаго з асістэнтаў Кульбакова COVID-19, таму УЕФА замяніў брыгаду.

Андрэй Стась правёў 600-ы матч у рэгулярных чэмпіянатах КХЛ

Беларускі форвард „Авангарда” Андрэй Стась правёў 600-ы матч у рэгулярных чэмпіянатах КХЛ. Стась – лідар сярод беларусаў па гэтым паказчыку. За ім ідуць Джэф Плат (567), Аляксандр Кітараў (447), Яўген Кавыршын (419). У 600 матчах за менскае „Дынама”, ЦСКА, „Нафтахімік” і „Авангард” Стась набраў 138 (55+83) ачкоў пры паказчыку карыснасці „-9”.

„Вітэн” выйграў дзявяты матч запар у чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе

Спартоўцы аршанскага „Вітэна” ідуць без страт у матчах 32-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. Сваю дзявятую перамогу запар дзейсныя чэмпіёны атрымалі ў сябе дома, разграміўшы гасцей з „Ліды” з лікам 12:2. Канкурэнты „Вітэн” таксама перамаглі: менская „Сталіца” абыграла „Дынама-БНТУ” – 6:1, а гомельскі ВРЗ не пакінуў шанцаў ЦКК – 8:1. Турнірную табліцу ўзначальвае «Вітэн”, які набраў 27 ачкоў з 27 магчымых, на тры балы адстае „Сталіца”.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя