Барыс Хамайда да Уладзіміра Плешчанкі: “Нарэшце ўсё пачалося!”



Найстарэйшы віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда ў першыя  лістападаўскія памінальныя дні абавязкова  адведвае магілу свайго сябра Уладзіміра Плешчанкі. 

Некалькі дзясяткаў год яны разам выходзілі да так званага “сіняга дома” ў цэнтры Віцебска, каб ладзіць пікеты ці раздаваць улёткі, ці проста размаўляць з гараджанамі – да самай смерці спадара Плешчанкі ў 2006-м годзе. З тае пары Барыс Хамайда выходзіць да “сіняга дома” адзін і робіць усё тое, што яны калісьці рабілі ўдвух… Да месца апошняга спачыну сябра на Фальковіцкіх могілках спадар Хамайда прыйшоў, каб сказаць галоўнае:

– Падымаўся на гару тут перад могілкамі, і думаў, якое б такое слова сябру сказаць, каб было адразу ўсё зразумела. Вось падышоў у сказаў: “Сябра, пачалося!” Мы столькі гадоў чакалі, кідалі гэтае зерне ў глебу, і нарэшце яно дала плён. Пачалося!”  

Сваю вандроўку Барыс Хамайда спланаваў асобна, але каля магілы Уладзіміра Плешчанкі  яго сустрэлі і іншыя людзі, якія прыйшлі аддаць даніну памяці вядомаму віцебскаму апазіцыянеру.

Пра двух сяброў, якія захоўвалі беларускі дух і прагу да свабоды ў Віцебску, гаворыць Ірына Аляксандрава:

– Гэта былі сімвалы, нашы героі. І сучасныя падзеі – гэта іхні вялікі ўнёсак. Дзякуючы таму, што яны рабілі, мы сёння адчуваем абуджэнне нашага народу. І гэтая прага да свабоды, барацьба, якая зараз ідзе, – гэта ўсё дзякуючы гэтым людзям!

Дарэчы, грошы на помнік, які  цяпер стаіць на магіле Уладзіміра Плешчанкі, у 2006-м годзе, пастаўлены на ахвяраванні аднапартыйцаў, беларусаў замежжа і землякоў-віцяблянаў. Пліту, на якой напісана “Не для сябе, а для Радзімы”, аднадумцы на некалькі хвілінаў накрылі  бел-чырвона-белым сцягам.

 

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск