Ганна Красуліна: Увесь свет назірае за Беларуссю і вучыцца ў яе



Хутка споўніцца тры месяцы, як у Беларусі трываюць паслявыбарчыя пратэсты. Рэжым працягвае рэпрэсіі, але ўпэўненасці ў яго менш. З сённяшнім „Госцем Рацыі” пагутарым пра тое, калі чакаць на кульмінацыю нацыянальнага супраціву.

„Госць Рацыі” прэс-сакратар Святланы Ціханоўскай – Ганна Красуліна:

– Рух працягваецца, больш за тое, ён набірае абароты за кошт таго, што набывае новыя формы. Нічога страшнага не адбылося, а наадварот. Людзі прабіліся ў Курапаты нягледзячы на вельмі брутальныя дзеянні рэпрэсіўных органаў. На самой справе трэба да гэтага ставіцца спакойна. Мы ўжо бачым, што людзі не баяцца, яны ідуць на АМАП і спакойна ставяцца да яго агрэсіўнасці. Спакой людзей пужае АМАП. АМАП прызвычаіўся, што ўсе ад яго ўцякаюць і баяцца. Калі людзі рэагуюць спакойна на іх, яны не ведаюць што рабіць. Заўважце, гэты чалавек, які пайшоў „Хочаш страляць? Ну страляй!”. Усё, у гэтай сітуацыі АМАПавец страляць не можа. Мы з вамі цудоўна разумеем, што ўсе АМАПаўцы ў глыбіні душы ведаюць, што яны проста наёмнікі, людзі, якія абслугоўваюць чалавека, які захапіў уладу. Забастоўкі працягваюцца – гэта „Гародня Азот”, гэта Менскі электратэхнічны завод. Яны з’яўляюцца тым прыкладам, тым флагманам, да каго далучаюцца і астатнія. Справа ў тым, што на многіх заводах працуе вялікая колькасць стачкомаў. Кожны дзень да іх далучаецца ўсё больш і больш удзельнікаў забастоўкі, якая развіваецца, яна ўзрастае ўнутры. Адпаведна гэта ўсё будзе, таму не хвалюйцеся, усё працягваецца. Акрамя таго, БелАЗ паўстаў супраць звальнення сваіх калег. Тое ж самае адбылося і ў Акадэміі мастацтваў. Калі мы разумеем, што прарэктар і 60 супрацоўнікаў патрабуюць аднавіць адлічаных студэнтаў, то яны па сутнасці ідуць наперакор рэктараў ды ідэолагу. Гэта азначае, што адбываецца сур’ёзны раскол эліт, калі частка на гэтым баку знаходзіцца, а частка ўжо перайшла на бок народа і гаворыць пра гэта адкрыта. Мы самі з вамі разумеем, што вялізная колкасць чыноўнікаў на нашым баку, яны ўжо не працуюць на рэжым. Усе міністэрствы, акрамя сілавых структур, па сутнасці чакаюць, калі Лукашэнка сыдзе, каб прыступіць да планавання і працы на баку народа, які перамог. У нас зараз з’яўляецца вельмі важная рэч – вырастае грамадзянская супольнасць, вось на базе гэтых дваровых аб’яднанняў. Гэта тыя самыя структуры, якія стануць органамі мясцовага самакіравання, замест цяперашніх старшынь райвыканкамаў і ідэолагаў. Кожны ў сваім двары разумее, што такое палітыка, гатовы займацца гэтай палітыкай. Кожны гатовы прымаць удзел у вырашэнні пытанняў таго, як жыве наш двор, як жыве наш раён, як жыве наш горад і як жыве наша краіна. Цяпер ужо Лукашэнку 2.0 не ўдасца сказаць, што палітыка брудная справа, давайце я сам пазаймаюся, а вы гуляйце свабодна на выпасе. Больш так не будзе. Беларусы рэальна пераўтвараюцца ў вельмі добра структураванае, салідарнае грамадства, якое вырашае пытанні і дапамагае адзін аднаму ў цяжкай сітуацыі – гэта вельмі важна.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

З „Госцем Рацыі” Ганнай Красулінай размаўляла Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск