Першы энергаблок БелАЭС пачаў выпрацоўваць электрычнасць
Першы энергаблок Беларускай АЭС 3 лістапада пачаў выпрацоўваць электрычнасць і пастаўляць яе ў энергасістэму, паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі.
„У 12.03 турбагенератар першага энергаблока Беларускай АЭС уключаны ў аб’яднаную энергасістэму краіны”, — адзначылі ў ведамстве.
Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца (Гарадзенскай вобласць) за кошт крэдыту Расеі па тыпавым расійскім праекце ВВЭР-1200. У жніўні ў актыўную зону рэактара першага блока атамнай станцыі загрузілі 163 цеплавыдзяляльныя зборкі са свежым ядзерным палівам. З гэтага пачаўся фізічны пуск БелАЭС.
Увесці блок у эксплуатацыю, пры якой ён запрацуе на 100% магутнасці, плануецца ў 2021 годзе. Другі энергаблок, як мяркуецца, будзе выведзены на поўную магутнасць у 2022 годзе.
Паводле прагнозу Мінэнерга, пасля выхаду на поўную магутнасць абодва блокі станцыі штогод будуць выпрацоўваць больш за 19 млрд кВт·гадз электраэнергіі.