Літоўскі аператар Litgrid заблакаваў пастаўкі электрычнасці з Беларусі



Літоўскі аператар сістэмы перадачы электраэнергіі Litgrid заблакаваў пастаўкі электрычнасці з Беларусі ў сувязі з энергетычным пускам Беларускай АЭС.

Графік змены сістэмных дадзеных на сайце Litgrid сведчыць пра тое, што ўжо ў 22.00 2 лістапада выдзеленая магутнасць сеткі перадачы электраэнергіі ў накірунку з Беларусі ў Літву была зніжаная да 0 МВт.

Партал навін Delfi апублікаваў прэс-рэліз аператара, у якім гаворыцца, што „ў цэнтры кіравання сістэмамі кампаніі Litgrid 3 лістапада ў 11.06 былі зафіксаваныя дадзеныя, якія паказалі, што БелАЭС выпрацоўвае электраэнергію, таму з 11.38 была устаноўленая нулявая праходнасць для камерцыйнага патоку электраэнергіі з Беларусі”.

3 лістапада прэс-служба Міністэрства энергетыкі Беларусі паведаміла, што „ў 12.03 турбагенератар першага энергаблока Беларускай АЭС уключаны ў аб`яднаную энергасістэму краіны”, блок пачаў выпрацоўку электрычнасці.

Пра намер неадкладна заблакаваць магчымасць камерцыйных паставак з моманту пачатку вытворчасці электрычнасці на БелАЭС у Litgrid заявілі яшчэ ў канцы кастрычніка.

„Як мы ўжо заяўлялі, пасля атрымання інфармацыі аб пачатку вытворчасці электраэнергіі або рэгістрацыі ў цэнтры кіравання сістэмай Litgrid звестак аб вытворчасці на Астравецкай АЭС, мы неадкладна вызначым магутнасць 0 МВт для камерцыйных патокаў электраэнергіі з Беларусі. Мы ўважліва сочым за сітуацыяй і гатовыя дзейнічаць”, — гаварыў выканаўца абавязкаў генеральнага дырэктара Litgrid Відмантас Грушас.

Беларуская электрычнасць праз тэрыторыю Літвы наўпрост паступае на найбуйнейшы электраэнергетычны рынак Паўночнай Еўропы і краін Балтыі — біржу Nord Pool, на якой гандлююць 380 кампаній з 20 дзяржаў. Біржа належыць электраэнергетычным аператарам Statnett SF (Нарвегія), Svenska kraftnat (Швецыя), Fingrid Oy (Фінляндыя), Energinet (Данія), Elering (Эстонія), Litgrid (Літва) і Augstsprieguma tikls (Латвія).

Літва з`яўляецца асноўным імпарцёрам беларускай электрычнасці. Так, са студзеня па жнівень 2020 года на гэтую балтыйскую дзяржаву прыпала 70,4% усяго аб`ёму экспарту электраэнергіі (366 млн 992 тыс. кілават-гадзін з 521 млн 278,8 тыс. кВт·гадз) і 71,3% экспартнай выручкі (каля 19,3 млн долараў з 27,71 млн).

Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца (Гарадзенская вобласць) за кошт крэдыту Расеі па тыпавым расейскім праекце ВВЭР-1200. У жніўні ў актыўную зону рэактара першага блока атамнай станцыі загрузілі 163 цеплавыдзяляльныя зборкі са свежым ядзерным палівам. З гэтага пачаўся фізічны пуск БелАЭС.

Увесці блок у эксплуатацыю, пры якой ён запрацуе на 100% магутнасці, плануецца ў 2021 годзе. Другі энергаблок, як мяркуецца, будзе выведзены на поўную магутнасць у 2022 годзе.

Паводле прагнозу Мінэнерга, пасля выхаду на поўную магутнасць абодва блокі станцыі штогод будуць выпрацоўваць больш за 19 млрд кВт·гадз электраэнергіі.

belapan.by