У Польшчы хочуць павялічыць колькасць лекараў за кошт Украіны і Беларусі
У Польшчы хочуць павялічыць колькасць лекараў, якія былі задзейнічаныя ў барацьбе з эпідэміяй каронавірусу, і маюць намер прыцягнуць больш за тысячу замежных спецыялістаў, у першую чаргу з Украіны і Беларусі. Пра гэта паведаміў намеснік міністра аховы здароўя краіны Славамір Гадомскі. Ён распавёў, што колькасць койка-месцаў для хворых каронавірусам у Польшчы будзе павялічвацца, у тым ліку за кошт часовых шпіталяў. Адпаведна, неабходна і больш лекараў. У барацьбу з эпідэміяй уключацца і прыватныя медцэнтры са сваімі койка-месцамі і персаналам, перадае REFORM.by.
“Мы таксама хочам прыцягнуць да працы замежных лекараў. Мяркуем, што больш за тысячу чалавек. Таксама многія замежныя лекары ўжо знаходзяцца ў працэсе настрыфікацыі дыплома. Гэтыя людзі змогуць хутчэй пачаць працаваць у Польшчы”, — сказаў Гадомскі.
З яго слоў, у першую чаргу Польшча разлічвае на лекараў з Беларусі і Украіны з прычыны меншага моўнага бар’ера. Найбольш запатрабаванымі будуць спецыялісты па неадкладнай медыцыне і анестэзіёлагі.
Беларускае Радыё Рацыя