Кабмін Латвіі зацвердзіў адмову ад імпарту з Расеі электраэнергіі з Беларускай АЭС



Расеі давядзецца пацвярджаць, што экспартаваная з гэтай краіны ў Латвію электраэнергія не вырабленая на Беларускай АЭС. Гэта прадугледжваюць змены ў правілы гандлю і выкарыстання электраэнергіі, якія зацвердзіў Кабінет міністраў Латвіі на пасяджэнні 3 лістапада, паведамляе прэс-служба ўрада.

Яны, у прыватнасці, вызначаюць, што аператар сістэмы перадачы электраэнергіі можа запытаць у кампетэнтных органаў расійскага боку доказы паходжання, якія пацвярджаюць, што імпартаваная з Расеі электраэнергія была вырабленая ў Расеі.

Латвія мае толькі адно электрычнае злучэнне з трэцімі краінамі — латвійска-расейскае міжсеткавае злучэнне. Нароўні з новым рэгламентам рэалізуецца пастанова Кабінета міністраў ад 25 жніўня гэтага года, якая прадугледжвае прыпыненне гандлю электраэнергіяй з Беларуссю пры ўводзе ў строй АЭС у Астраўцы.

„На практыцы новыя правілы азначаюць, што электраэнергія з Беларусі не будзе імпартавацца ў Латвію транзітам праз Расею”, — патлумачыла прэс-служба ўрада Латвіі.

Раней Літва, Латвія і Эстонія дамовіліся аб агульнай методыцы па гандлі электраэнергіяй, якая выключае яе куплю з Беларусі. Вызначана таксама, што пры імпарце электраэнергіі з Расеі ў Латвію павінны быць пададзеныя доказы, што электраэнергія не была выпрацаваная ў Беларусі.

Першы энергаблок Беларускай АЭС 3 лістапада пачаў выпрацоўваць электрычнасць і пастаўляць яе ў энергасістэму.

Увесці блок у эксплуатацыю, пры якой ён запрацуе на 100% магутнасці, плануецца ў 2021 годзе. Другі энергаблок, як мяркуецца, будзе выведзены на поўную магутнасць у 2022 годзе.

Літоўскі аператар сістэмы перадачы электраэнергіі Litgrid заблакаваў пастаўкі электрычнасці з Беларусі ў сувязі з энергетычным пускам БелАЭС.

belapan.by