У жыхара Маладзечанскага раёна канфіскавалі тону самагону



Каля васьмі гадзін раніцы ў вёсцы Дамашы Маладзечанскага раёна ўвагу супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі прыцягнуў грузавы мікрааўтобус Ford Transit. Яго кіроўца груба парушыў правілы дарожнага руху — перасёк дзве суцэльныя і здзейсніў абгон на пешаходным пераходзе на вуліцы Савецкай. Дарожныя інспектары спынілі транспартны сродак пад кіраваннем 32-гадовага жыхара вёскі Вязовец. Супрацоўнікаў міліцыі насцярожыла, што з салона зыходзіў моцны пах алкаголю.

У машыне падчас дагляду былі выяўленыя каністры з празрыстай вадкасцю з характэрным пахам самагону. У грузавым адсеку знаходзіліся 39 пластмасавых ёмістасцяў рознага аб’ёму з алкагольнай прадукцыяй. У агульнай складанасці вясковец перавозіў тысячу літраў вадкасці з утрыманнем спірту, суправаджальных дакументаў уладальнік аўто на груз прад’явіць, натуральна, не змог.

Для далейшага разгляду вартавыя правапарадку даставілі кіроўцу і мікрааўтобус у раённы аддзел міліцыі. Сам мужчына растлумачыў, што нібыта знайшоў каністры ў лесапаласе каля аўтадарогі Вязовец — Цюрлі і меў намер адвезці іх у РАУС. Аднак, з улікам асобы кіроўцы, праўдзівасць яго версіі выклікае вялікі сумнеў у праваахоўнікаў. Па інфармацыі УУС Мінаблвыканкама, сядзіба грамадзяніна шырока вядомая ў колах самагоншчыкаў, ды і сам мужчына, які раней неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за «бутлегерства». Як мяркуецца, алкагольная прадукцыя, выяўленая ў аўтамабілі, прызначалася для далейшай рэалізацыі на «гандлёвых кропках».

Увесь кантрафактны тавар праваахоўнікі канфіскавалі. Па факце нелегальнай перавозкі спіртнога праводзіцца праверка. Узоры вадкасці накіраваны на экспертызу. За парушэнне ПДР у дачыненні да фігуранта складзены пратакол.

zviazda.by