4 лістапада 1937 года – трагічная дата ў гісторыі Віцебска
У гэтую ноч нібыта за ўдзел у выдуманай НКУСаўцамі «Польскай Арганізацыі Вайсковай» былі расстраляны выбітныя прадстаўнікі віцебскай творчай інтэлігенцыі – выкладчыкі мастацкага тэхнікуму Рыгор Чумакоў, браты Пётр і Хрыстафор Даркевічы, і яшчэ больш за 100 чалавек, чыё месца загубы дагэтуль не вядомае. Старажылы прыгадваюць, што масавыя расстрэлы ў 1930-я гады праводзіліся ў ваколіцах вёскі Хайсы.
Адзін з такіх аповедаў зафіксаваў Ян Дзяржаўцаў, стваральнік ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты”:
– Ён ішоў вось тут, і бачыць – тырчыць з зямлі рука. І рукаў пінжака –такога, як у старшыні калгаса Рамашкі Антона Іванавіча. Пацягнуў за гэту руку – насамрэч старшыня. Сказаў ягонай жонцы, і яны цішком дзесьці яго пахавалі, гэтага старшыню.
Сведчанні старажылаў мясцовыя ўлады да ўвагі не прымаюць. Калі ў 2014-м годзе ў лесе каля Хайсоў пачалі знаходзіць чалавечыя парэшткі, сюды быў выкліканы 52-гі пашуковы батальён, косткі сабралі ў мяхі і перапахавалі ў брацкай магіле на станцыі Лосвіда. На шыльдзе напісалі, што гэта былі ахвяры Другой сусветнай вайны. Калі ў 2017-м годзе мясцовыя жыхары зноўку пачалі знаходзіць косткі і чарапы, іх перапахавалі на могілках у аграгарадку Мазалава, зноў жа не згадаўшы пра сталінскі тэрор.
Сябры ініцыятывы “Хайсы-віцебскія Курапаты” наведалі гэтыя жалобныя мясціны, прымеркаваўшы паездку да скрушнай даты 4-га лістапада, кажа адна з удзельніц, Ірына Аляксандрава:
– У грамадстве страшныя падзеі адбываліся, і прайшло амаль 80 гадоў, але дзяржава не дапамагае, архівы КДБ дагэтуль зачыненыя. Толькі дзякуючы неабыякавым людзям, памяць захоўваецца. Гэта вельмі сумна.
Засмучае і тое, што невядомыя вандалы здолелі папсаваць памятныя знакі, усталяваныя ўдзельнікамі ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты”. Так, у лесе каля Хайсоў знішчана некалькі ўказальнікаў на шляху да расстрэльных ям, а ў Цёплым лесе папсаваная шыльда на крыжы, якім адзначана месца масавых расстрэлаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск