Бундэстаг прыняў рэзалюцыю аб непрызнанні вынікаў выбараў у Беларусі



Бундэстаг прыняў рэзалюцыю аб непрызнанні вынікаў жнівеньскіх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Такім чынам нямецкі парламент не прызнае легітымнасць Аляксандра Лукашэнкі. Ён заклікае да правядзення ў нашай краіне новых выбараў пры ўдзеле назіральнікаў АБСЕ, паведамляе ria.ru.

„Выбары не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі, — гаворыцца ў дакуменце. — Маштабная фальсіфікацыя пацвярджаецца без сумненняў. Новы тэрмін Аляксандра Лукашэнкі такім чынам пазбаўлены якой-небудзь дэмакратычнай легітымацыі”.

Нямецкія парламентары асуджаюць гвалт сілавікоў супраць мірных пратэстоўцаў.

Заява была падтрымана фракцыямі Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі, саюза 90/Зялёныя, блока партый „Хрысціянска-дэмакратычны саюз” і „Хрысціянска-сацыяльны саюз у Баварыі”, Свабоднай дэмакратычнай партыі. Супраць галасавалі дэпутаты з „Альтэрнатывы для Германіі”. Левыя ўстрымаліся.

Фота:  dw.com