У Жлобіне да пазбаўлення волі прыгавораны мужчына, які кінуў у міліцыянта бутэльку



Суд Жлобінскага раёна прыгаварыў 60-гадовага жыхара райцэнтра да чатырох гадоў пазбаўлення волі па справе аб выкарыстанні гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 Крымінальнага кодэкса).

Як паведамляе Гомельскі абласны суд, абвінавачаны ў ноч на 10 жніўня, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення ў грамадскім месцы на вуліцы ў Жлобіне, з’яўляючыся ўдзельнікам несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, кінуў у міліцыянера тры бутэлькі. Паводле высноў следства, ён зрабіў гэта „з мэтай пазбегнуць адміністрацыйнай адказнасці і перашкодзіць законнай дзейнасці супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, прымушаючы да змены характару гэтай дзейнасці, а таксама з помсты, наўмысна, з мэтай прычынення цялесных пашкоджанняў”.

У судзе ўсталявалі, што мужчына кінуў адну пластыкавую бутэльку і дзве шкляныя. Адна з іх трапіла ў галаву інспектару дарожна-патрульнай службы, які стаяў у ачапленні. Удар бутэлькай прывёў да выцятай раны ў цемянной вобласці (лёгкія цялесныя пашкоджанні).

Абвінавачанага прыгаварылі да чатырох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Пастаноўлена таксама спагнаць з мужчыны на карысць пацярпелага ў кошт кампенсацыі маральнай шкоды 1,5 тыс. рублёў. Прысуд у законную сілу пакуль не ўвайшоў.

Раней сваякі абвінавачанага паведамілі БелаПАН, што ў той вечар мужчына выйшаў на вуліцу паглядзець, што адбываецца, бо інтэрнэт быў адключаны. На апублікаваным МУС відэазапісы абвінавачаны кажа, што дарма пайшоў на акцыю і раскайваецца ў зробленым.

belapan.by