Станіслаў Багданкевіч: Дэвальвацыя працягнецца, калі не дадуць крэдыт



“Як мінімум 2,5 мільярды даляраў крэдыту неабходна атрымаць Беларусі, каб не праводзіць дэвальвацыю”, – адзначае былы кіраўнік Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч.

На фінансавым рынку Беларусі ў лютым адзначаецца кардынальнае паляпшэнне сітуацыі, заявіў журналістам старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаўр.

«Студзень быў няпростым месяцам у развіцці нашай эканомікі. Былі пэўныя праблемы снежня 2014 г на валютным і фінансавым рынку ў цэлым. У той жа час гэтая сітуацыя кардынальным чынам змянілася ў лютым. Мы маем стабільную сітуацыю ў першую чаргу на валютным рынку, у поўнай меры задавальняецца попыт насельніцтва і юрыдычных асоб на валюту. Такая ж стабільная сітуацыя і на дэпазітным рынку», – заявіў кіраўнік Нацбанка.

Станіслаў Багданкевіч: Так, мы назіраем нейкую стабілізацыю на валютным рынку, але пляскаць у далоні з-за гэтага не варта. У цэлым краіна застаецца ў няпростай фінансавай сітуацыі, бо яна найперш залежыць ад стану эканомікі краіны. А эканамічны стан у Беларусі зараз толькі пагаршаецца. Таму аб якім кардынальным паляпшэнні фінансавай сітуацыі можна казаць? Ёсць нейкая часовая стабілізацыя валютнага курса – не больш таго.

РР: Ці можна казаць, што сёння і фінансавы рынак Беларусі, і эканоміка наўпрост залежаць ад эканамічнага становішча ў Расеі?

Станіслаў Багданкевіч: Можна, бо асноўныя рынкі збыту ў нас – гэта Усход. Усё завязана на расейскім накірунку, што, безумоўна, не вельмі добра. Паглядзіце – калі адкінуць экспарт нафты і калійных угнаенняў, то амаль усё астатняе мы адпраўляем у Расею. Атрымоўваецца, што калі там дрэнна, то і мы гінем. Ляціць усё пад адкос – і прадпрыемствы, і экспарт, і курс нацыянальнай валюты.

РР: Зараз курс трымаецца на ўзроўні 15 тысяч рублёў за даляр. Можа быць, рубель ужо дасягнуў дна і больш падаць не будзе?

Станіслаў Багданкевіч: Для таго, каб ён не падаў, неабходна, каб Беларусь атрымала з-за мяжы як мінімум 2,5 мільярды даляраў. У такім выпадку да канца году дэвальвацыі можа і не быць. Не дадуць крэдыт – няхай беларусы рыхтуюцца да чарговага абясцэньвання нацыянальнай валюты. Бо грашовая маса павялічваецца, а валавы прадукт не расце.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя