Усё больш работнікаў прадпрыемстваў афіцыйна далучаюцца да страйку



Усё больш рабочых афіцыйна далучаюцца да страйку, паведаміў БелаПАН старшыня Беларускага незалежнага прафсаюза Максім Пазнякоў.

„Людзі паступова далучаюцца да страйку, як на „Гродна Азоце”, так і на „Беларуськаліі”. З кожным днём колькасць людзей, якія ўвайшлі афіцыйна ў страйк, расце. На БМЗ на ўчарашні дзень сем чалавек далучыліся да страйку, на „Гродна Азоце” — 17, „Беларуськаліі” — каля 60 чалавек”, — распавёў Пазнякоў.

Паводле яго слоў, складана спрагназаваць, колькі людзей далучыцца да страйку, але тэндэнцыя росту відавочная. „На „Беларуськаліі” адбыўся няшчасны выпадак са смяротным вынікам. Гэта таксама можа стаць штуршком для многіх работнікаў прадпрыемства”, — лічыць старшыня прафсаюза.

Паводле яго слоў, для замены работнікаў на „Гродна Азоце” прывезлі „партыю штрэйкбрэхераў”. „Паводле інфармацыі адтуль, іх засялілі ў адным з санаторыяў, кормяць, іх ахоўвае міліцыя, закупілі для іх партатыўныя відэакамеры, каб яны запісвалі, як людзі працуюць. Прапаноўваюць работнікам „Гродна Азота” іх стажыраваць, многія шукаюць спосаб, як ад гэтага адмовіцца”, — адзначыў прафсаюзны лідар.

Ён заўважыў, што ў асноўным тыя, хто прыехаў падмяняць гродзенскіх работнікаў, людзі, якія „папаліся на кручок” да наймальнікаў іншых прадпрыемстваў. Напрыклад, ёсць людзі з „Паліміра”, у якіх пагроза непрацягу кантракта ў перадпенсійны ўзрост, хтосьці трапіўся на прахадной з невялікім перавышэннем праміле алкаголю. „Ідэйных штрэйкбрэхераў няшмат. І, хутчэй за ўсё, яны будуць занятыя на дапаможных работах, таму што дапускаць людзей без вопыту да такога абсталявання — гэта самагубства і злачынства чыстай вады, можа прывесці да сур’ёзнай катастрофы і аварыі”, — лічыць Пазнякоў.

Як паведамлялася, работнікі шэрагу прадпрыемстваў яшчэ ў жніўні пачалі абвяшчаць страйкі, патрабуючы адмяніць вынікі прэзідэнцкіх выбараў. Яны таксама патрабавалі спыніць гвалт над пратэстоўцамі, вызваліць палітвязняў і ўдзельнікаў мірных акцый, прызнаць усе пастановы і прысуды, вынесеныя ў дачыненні да іх, неабгрунтаванымі і незаконнымі.

26 кастрычніка ў Беларусі была абвешчаная агульнанацыянальная забастоўка ў сувязі з невыкананнем патрабаванняў ультыматуму, вылучанага 13 кастрычніка экс-кандыдатам у прэзідэнты Святланай Ціханоўскай: адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, спыненне гвалту і вызваленне палітвязняў.

belapan.by