Ілля Івашка выйшаў у 1/4 фіналу тэніснага турніру ў Нямеччыне
Беларускі тэнісіст Ілля Івашка, які мае 115-ы нумар сусветнага рэйтынгу, выйшаў у чвэрцьфінал адзіночнага разраду турніру серыі „Чэленджэр” ў нямецкім Экентале з прызавым фондам 88,5 тысяч еўра. У 1/8 фіналу беларус разграміў прадстаўніка Аўстрыі 143-ю ракетку планеты Юрыя Радзівонава – 6:0, 6:1. Сустрэча працягвалася ўсяго 47 хвілін. У гульні за трапленне ў паўфінал Ілля Івашка сустрэнецца са швейцарцам Маркам-Андрэа Хуслерам.
„Лудагорац” прайграў „Тотэнхэму” у Лізе Еўропы
У групавым этапе футбольнай Лігі Еўропы завяршаецца першая палова турнірнай дыстанцыі. Балгарскі „Лудагорац”, які перамог у плэй-оф футбалістаў берасцейскага „Дынама”, у хатнім матчы трэцяга тура папярэдняй групы J прайграў англійскаму „Тотэнхэму” з вынікам 1:3.
У квартэце I азербайджанскі клуб „Карабах” саступіў у гасцях турэцкаму „Сіваспору” з лікам 0:2. Партугальская „Бенфіка” і шатландскі „Глазга Рэйнджэрс” згулялі ўнічыю 3:3, познаньскі „Лех” дзякуючы дублю шведскага форварда Міхаэля Ішака упэўнена перамог бельгійскі „Стандард” – 3:1, кіпрская „Амонія” саступіла іспанскай „Гранадзе” – 0:2, грэцкі ПАОК разграміў нідэрландскі ПСВ – 4:1, аўстрыйскі „Рапід” перамог ірландскі „Дандалк” – 4:3, італьянская „Рома” разграміла румынскі „Клуж-Напока” – 5:0, а пражская „Славія” была мацней за французскую „Ніцу” — 3:2.
Атлеты Гарадзенскай вобласці перамаглі ў камандным заліку Кубка Беларусі па вольнай барацьбе
Атлеты Гарадзенскай вобласці перамаглі ў камандным заліку Кубка Беларусі па вольнай барацьбе, розыгрыш якога завяршыўся ў сталічным Палацы спорту. На іх рахунку 210 ачкоў. Другое месца з паказчыкам 175 пунктаў занялі вольнікі з каманды Менска. Замкнулі тройку наймацнейшых атлеты з Гомельскай вобласці. На іх рахунку 155 ачкоў. Розыгрыш Кубка Беларусі па вольнай барацьбе стаў адным з ключавых стартаў сезона. У турніры ўдзельнічалі больш за сто спартоўцаў з усіх куткоў краіны. У тым ліку і лідэры нацыянальнай каманды.
Кірыл Варонін выведзены са спісу траўмаваных
Расійскі форвард менскага „Дынама” Кірыл Варонін выведзены са спісу траўмаваных. Такая інфармацыя змяшчаецца на афіцыйным сайце „зуброў”. Апошні да вымушанай паўзы матч за мінчанаў нападнік правёў 1 кастрычніка ў паядынку з рыжскім „Дынама”. Той матч завяршыўся паразай мінскай каманды ў серыі булітаў – 3:4. Усяго ў гэтым рэгулярным чэмпіянаце КХЛ Кірыл Варонін набраў 3 ачкі ў дзесяці сустрэчах пры паказчыку карыснасці „+2”. Такім чынам, у спісе траўмаваных гульцоў мінскага „Дынама” застаюцца Адам Альмквіст, Аляксандр Когалеў і Вячаслаў Грэцкі.
Беларускае Радыё Рацыя