Лукашэнка падпісаў указ пра павышэнне пенсій



Аляксандр Лукашэнка 5 лістапада падпісаў указ аб павышэнні пенсій.

„Абавязкова трэба дапамагчы пенсіянерам, ветэранам. Гэта наша апора. Я ўчора падпісаў указ аб павышэнні (хоць трошкі) пенсій, каб рэальныя пенсіі не ўпалі”, — цытуе Лукашэнку тэлеграм-канал „Пул Першага”.

Лукашэнка лічыць, што „пенсіянераў важна падтрымліваць у любой сітуацыі, як бы ні было складана”.

Рэальны памер пенсій (з улікам росту цэн) у верасні да жніўня 2020 года знізіўся на 0,9%, сведчаць дадзеныя Белстата. Да мая памер пенсій зніжаўся восем месяцаў запар, у тым ліку ў студзені 2020 года — на 0,9%, у лютым — на 0,7%, сакавіку — на 0,9%, красавіку — на 0,6%. У маі зафіксаваны рост на 0,2%, у чэрвені адзначалася зніжэнне на 0,2%, у ліпені — рост на 5,2%, у жніўні — на 0,1%.

На ўліку ў органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне ў верасні 2020 года было 2 млн 491,4 тыс. пенсіянераў. Сярэдні памер прызначаных ім пенсій склаў 458 рублёў, што ў 2,4 разу перавысіла афіцыйны бюджэт пражытковага мінімуму для гэтай катэгорыі насельніцтва.

Узровень пенсій павінен што б там ні было быць не меншым за 40% ад сярэдняй заработнай платы, заявіў Лукашэнка 25 жніўня, прымаючы з дакладам першага віцэ-прэм’ера Мікалая Снапкова і міністра фінансаў Юрыя Селіверстава. „Ветэраны апынуліся нашымі самымі ўстойлівымі і надзейнымі людзьмі, фактычна апорай нашай дзяржаўнасці ў гэты няпросты перыяд. Ні ў якім разе іх нельга пакрыўдзіць. Калі мы іх пакрыўдзім — значыць, мы проста не ўлада і не дзяржава”, — сказаў Лукашэнка.

belapan.by