ЕЗ увёў санкцыі супраць Лукашэнкі і шэрагу беларускіх чыноўнікаў
Аляксандр Лукашэнка ўключаны ў санкцыйны спіс Еўразвяз. Рашэнне апублікаванае ў Афіцыйным часопісе ЕЗ.
Разам з Лукашэнкам у спіс уключаныя:
Віктар Лукашэнка — старэйшы сын, памочнік па нацыянальнай бяспецы;
Ігар Сергяенка — кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта;
Іван Церцель — старшыня КДБ;
Раман Мельнік — начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС;
Іван Наскевіч — старшыня Следчага камітэта;
Аляксей Волкаў — старшыня Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, раней займаў пасаду першага намесніка кіраўніка Следчага камітэта;
Сяргей Аземша — намеснік старшыні Следчага камітэта;
Андрэй Смаль — намеснік старшыні Следчага камітэта;
Андрэй Паўлючэнка — кіраўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра;
Ігар Бузоўскі — намеснік міністра інфармацыі;
Наталля Эйсмант — прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі;
Сяргей Зубкоў — камандзір групы „Альфа” (спецназ);
Андрэй Раўкоў — былы дзяржаўны сакратар Савета бяспекі;
Пётр Міклашэвіч — старшыня Канстытуцыйнага суда.
Першы пакет санкцый ЕЗ увёў у пачатку кастрычніка, уключыўшы туды 40 беларускіх грамадзян, якія маюць дачыненне, на думку Бруселя, да фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў. У спіс трапілі члены Цэнтрвыбаркама, кіраўніцтва і супрацоўнікі сілавога блока.
Унесеным у санкцыйны спіс асобам забаронены ўезд на тэрыторыю Еўразвяза. Іх актывы ў ЕЗ, калі такія ёсць, павінны быць замарожаныя.