Пенсіі трошкі падрастуць



У сталіцы пафасна і з захаваннем надзвычайных мераў бяспекі была адчыненая трэцяя лінія метро. Безумоўна, такая падзея не магла абысціся без пэўных гучных заяваў.

Аналізаваць эмацыйныя заявы некаторых палітыкаў – справа няўдзячная. Цяжка збудаваць лагічны прагноз па той простай прычыне, што сёння эмоцыі адны, а заўтра – зусім іншыя. І ўсё ж. Пенсіі. Балючае пытанне для тых, хто не мае іншай крыніцы прыбыткаў, хто не мае здароўя і дапамогі ад родных. Пытанне маніпулятыўнае.

Пенсіі было вырашана падвысіць. Падпісаны тэматычны ўказ. Пенсіі падвышаны з нефарматнай фармулёўкай – “хоць трошкі”. Ці пераважыць гэтае “трошкі” той мінус, у які сышлі пенсіі ў параўнанні з летнім перыядам? Да прыкладу, у ліпені пенсія па інваліднасці (1 група) з улікам працоўнага стажу была 142 еўра, а ў лістападзе – ужо 126. Усё адносна, праўда? І гэту адноснасць быцця цудоўна падкрэслівае валютны канвертар.

Жыццё тым часам ідзе далей… 10 верасня ў Смаргонскім раённым судзе разглядалі справу актывіста Аляксандра Паплаўскага. І смаргонца, які ўжо адседзеў па артыкуле за дробнае хуліганства (сем сутак), суддзя Дзмітры Дамарад два месяцы таму цалкам апраўдаў. Сенсацыя? Гэта быў адносна лагічны працэс у параўнанні з тым, што адбывалася ў іншых гарадах. І ўсё ж. Па пратэсту пракурора і скарзе начальніка РАУС абласны суд адмяніў пастанову суддзі Дамарада. Паплаўскага будуць судзіць яшчэ раз, і цяпер справу будзе разглядаць суддзя Боландзь. За працэсам сочыць “Рэгіянальная газета”.

Па факту маем вотум недаверу да суддзі, які вынес занадта мяккі прысуд? Складаецца ўражанне, што ўсе іншыя злачынствы не заслугоўваюць увагі ў параўнанні з той ці іншай вулічнай актыўнасцю. Вось і смаргонскія камунальнікі “праявіліся” ў раёнцы. Пагражаюць нефармальным мастакам-графіцістам вялікімі штрафамі “за вандалізм”. Пэўна, стаміліся замалёўваць “палітычныя колеры”. Яно і зразумела: восень, сыра, пахмурна, а тут гэтыя нефармалы ніяк у спячку не ўпадуць!

Ніяк на пенсію не сыдуць. Напружваюць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ