Рыгор Кастусёў пераабраны старшынём Партыі БНФ



Большасць дэлегатаў з’езда Партыі БНФ падтрымалі пераабранне старшынём 63-гадовага Рыгора Кастусёва. Яго намеснікамі абраныя Аляксей Янукевіч, Зміцер Салошкін, Вадзім Саранчукоў і Юрый Меляшкевіч.

Акрамя Кастусёва на пасаду кіраўніка партыі прэтэндавалі кіраўнік гомельскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Васіль Раманаў і менскай раённай Ілля Дабратвор. Галасаванне было таемным. Шэсцьдзясят шэсць дэлегатаў прагаласавалі за Кастусёва, 18 — за Дабратвора, 3 — за Раманава.

„Важны напрамак працы партыі на найбліжэйшы час — дасягнуць перамоўнага працэсу з дзейнымі ўладамі Беларусі для таго, каб вызвалілі палітвязняў, было арганізаванае расследаванне катаванняў людзей, іншых парушэнняў заканадаўства”, — заявіў БелаПАН пасля абрання Кастусёў, які кіруе партыяй з 2017 года.

На яго думку, зараз шмат размоў пра рэформу Канстытуцыі, але вынікаў не будзе, бо не выконваецца дзейная. „Партыя будзе таксама працаваць у плане арганізацыі магчымых выбарчых кампаній. Магчыма, хутка будзе кампанія па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў, а магчыма, і прэзідэнцкія выбары. Мы пра гэта марым”, — растлумачыў старшыня Партыі БНФ.

Новы намеснік старшыні партыі Юрый Меляшкевіч паведаміў, што плануе заняцца працай з новымі грамадскімі ініцыятывамі і бізнес-супольнасцю. Поспех сваёй працы ён будзе ацэньваць па колькасці актывістаў, якія далучацца да партыйных мерапрыемстваў, і партыйных актывістаў, якія будуць удзельнічаць у дваровай актыўнасці і стануць яе арганізатарамі.

„Калі мы пакрыем хаця б частку абласных цэнтраў і Менска, выйдзем на раённыя арганізацыі, дзе не было палітычнай актыўнасці партыі, я буду гэта лічыць поспехам”, — адзначыў Меляшкевіч.

Акрамя таго, ён лічыць неабходным займацца фінансаваннем партыйных структур. „Важна, каб мы выйшлі ў сваёй дзейнасці на фінансаванне сваімі сродкамі, мабілізаваўшы беларускі бізнес, членаў партыі, якія хочуць цывілізаванага палітычнага працэсу ў краіне”, — сказаў намеснік старшыні партыі.

З’езд выбраў 51 члена органа кіравання партыі — сойма. Сярод іх вядомая грамадская актывістка Ніна Багінская.

БелаПАН

***

У Менску раніцай 7 лістапада пачаўся XX з’езд Партыі БНФ.

На з’ездзе будзе дадзеная справаздача дзейнага кіраўніцтва партыі, а затым абранае новае кіраўніцтва — старшыня, яго намеснікі, рэвізійная камісія, склад сойму Партыі БНФ і грамадскага аб’яднання „БНФ „Адраджэньне”. Новае кіраўніцтва будзе абранае на трохгадовы тэрмін.

Акрамя таго, з’езд прыме дакументы, у якіх будзе выказаная пазіцыя партыі па актуальных грамадска-палітычных пытаннях. У працы ўдзельнічаюць 98 дэлегатаў, з іх 14 — у анлайн-фармаце.

З прывітаннямі да дэлегатаў звярнуліся старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, кіраўнік Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў.

„Сёння мы бачым, што для большасці беларусаў незалежнасць не толькі стаіць на парадку дня, але і большасць разумее яе каштоўнасць. Большасць людзей выкарыстоўваюць нашы нацыянальныя сімвалы. Але для нас застаецца вялікая частка працы з-за таго, што асноўная наша каштоўнасць — мова — застаецца ў заняпадзе”, — заявіла Анісім.

З’езд павінен быў прайсці ў кастрычніку, аднак, як растлумачылі ў партыі, арганізатары сутыкнуліся з адмовамі ў арэндзе пляцовак, таму мерапрыемства давялося перанесці.

„У 2020 годзе беларускі народ, абураны злачыннымі маніпуляцыямі і махлярствам падчас выбарчай кампаніі, выйшаў на вуліцы дзеля дэманстрацыі пратэсту і нязгоды з нахабнымі фальсіфікацыямі. Нягледзячы на тое што абсалютная большасць акцый мелі мірны характар, улады кінулі супраць пратэстоўцаў велізарныя сілы МУС і нават войскі, шырока ўжываючы збіванне, зброю, гумовыя кулі, вадамёты і іншыя спецсродкі”, — адзначаюць аўтары дакумента.

У рэзалюцыі нагадваецца аб ахвярах і пацярпелых сярод мірных пратэстоўцаў, адмове распачынаць крымінальныя справы па шматлікіх выпадках катаванняў і здзекаў, іншых метадах націску.

„Пад пераслед трапілі сотні актывістаў БНФ, многія з іх зведалі арышты і катаванні, супраць сябра сойма Вітольда Ашурка выстаўленыя крымінальныя абвінавачанні па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 384 (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), і ён кінуты за краты”, — адзначаюць дэлегаты з’езда.

У рэзалюцыі падкрэсліваецца, што Беларусь „не ведала такога маштабу зверстваў з часоў бальшавіцкага тэрору і нацысцкай акупацыі”. Партыю БНФ абурае, што агрэсіўная рыторыка і заклікі да гвалту з боку ўладаў „адбываюцца адначасова з крывадушнымі заклікамі да дыялогу”.

„Маштаб палітычных рэпрэсій, шырокае выкарыстанне гвалту і правакацый сведчаць пра намер гвалтоўна задушыць нязгоду народа з прыгнётам аўтарытарнай дыктатурай, — сказана ў дакуменце. — Такім чынам рэжым адкрыта супрацьпаставіў сабе беларускаму народу, запалохваючы народ, ігнаруючы і душачы ягоную волю”.

У гэтай сітуацыі Партыя БНФ лічыць, што іншага выйсця з вострага палітычнага крызісу, акрамя перамоў, няма. Умовамі для іх пачатку павінны быць вызваленне ўсіх палітзняволеных, спыненне ўсіх палітычных крымінальных і адміністрацыйных спраў, зняцце абвінавачанняў.

Акрамя таго, дэлегаты з’езда запатрабавалі распачынання крымінальных спраў і расследавання забойстваў і катаванняў, якія адбыліся падчас выбарчай кампаніі і пасля выбараў, надання нормам Канстытуцыі аб свабодзе сходаў сілы прамога дзеяння і спынення ўсіх перашкод правядзенню мірных акцый пратэсту, спынення пераследу і незаконных абмежаванняў прафесійнай дзейнасці журналістаў і СМІ, стварэння ўмоў для працы Маскоўскага механізма АБСЕ і Савета ААН па правах чалавека па міжнародным расследаванні падзей ад мая 2020 года ў Беларусі.

„Толькі пры рэалізацыі названых захадаў будуць створаныя ўмовы, пры якіх будуць магчымыя мірныя перамовы аб будучыні Беларусі”, — лічаць у Партыі БНФ.

belapan.by

Фота facebook.com/meliashkevich