Споўнілася 2 месяцы ад затрымання Марыі Калеснікавай



7 верасня яе затрымалі на вуліцы супрацоўнікі ў цывільным. 8 верасня яе, а таксама прэс-сакратара Каардынацыйнай рады Антона Раднянкова і выканаўчага сакратара КР Івана Краўцова прадстаўнікі сілавых ведамстваў спрабавалі прымусова вывезці ва Украіну. Аднак Калеснікава парвала свой пашпарт і была зноў затрыманая.

Яшчэ месяц таму сябры Марыі, музыкі, запісалі відэазварот у яе падтрымку:

– Марыя магла б зараз займацца музыкай, выступаць у Еўропе і Беларусі, арганізоўваць вялікія міжнародныя праекты, займацца папулярызацыяй класічнага мастацтва. Яна магла б гэта ўсё рабіць, але ў нейкі момант ёй стала неабыякава, што адбываецца ў Беларусі, і яна зрабіла свой выбар.

– Зараз яна ў турме, бо рэжым баіцца, баіцца кожнага з нас, таму што нас шмат, і мы – народ. Менавіта мы вызначаем нашу будучыню.

– Як можна тварыць, даваць канцэрты, займацца з вучнямі, калі кожны дзень ты даведваешся, што твайго знаёмага, сябра, суседа, лекара, адваката затрымалі, а супраць іх сведчаць нейкія Івановы ў масках. Дзе закон? Дзе правы чалавека? Дзе справядлівы суд? У сённяшняй Беларусі гэтага няма.

– Калі вы лічыце, што гэта вас не датычыцца, то гэта не так. Гэта датычыцца ўсіх і кожнага. Сёння арыштавалі Марыю, а заўтра прыйдуць за кім? За мной, за вамі…

– Цяпер час вызваліць нашу Машу.

– Мы, музыканты Беларусі, патрабуем ад рэжыму спыніць гвалт над мірнымі беларусамі, вызваліць Марыю і ўсіх палітзняволеных.

9 верасня Следчы камітэт Беларусі паведаміў, што сябра прэзідыўму Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава арыштаваная ў справе аб закліках да захопу ўлады.

Беларускае Радыё Рацыя