Чарговы Марш мудрасці ў Менску



На завяршэнне акцыі яго ўдзельнікі праспявалі „Магутны Божа”, „Муры” ды „Купалінку”.  Людзі паклалі плакаты і кветкі, якія пранеслі з сабой па праспекце, да помніка Якубу Коласу.

* * * 

На плошчы Якуба Коласа калону пенсіянераў сустрэлі валанцёры, якія прынеслі гарачую гарбату ў тэрмасах і печыва. 

Пенсіянеры расселіся па лавачках – адпачываюць, тыя хто не стаміліся – стаяць уздоўж дарогі і махаюць транспарту, вадзіцелі сігналяць у адказ.

* * * 

Калона ўдзельнікаў Маршу мудрасці ўжо на плошчы Перамогі.

Па ходзе руху да дэманстрацыі далучаюцца новыя ўдзельнікі. Цяпер, паводле ацэнак журналістаў, у калоне не менш за дзве тысячы чалавек, большасць з іх — людзі пенсійнага ўзросту.

Яны перыядычна скандуюць „Жыве Беларусь!”, „Сумленныя выбары”, „Гэта наш горад”, „Нашы дзеці лепшыя за ўсіх!”, „Трыбунал”, „Сыходзь”, „Лукашэнку ў аўтазак” і іншыя лозунгі.

Замыкае калону вядомая актывістка Ніна Багінская.

З пенсіянерамі ідуць медыкі, ёсць і моладзь.

Сілавікі суправаджаюць дэманстрацыю на некалькіх мікрааўтобусах, якія едуць па правым баку праспекта Незалежнасці. Яны назіраюць здалёк, не ўмешваюцца, вядзецца відэаздымка.

Міліцыя неаднаразова папярэджвала ўдзельнікаў маршу аб тым, што мерапрыемства несанкцыянаванае.

belapan.by

Фота: Тут.бай