Мінэнерга пракаментавала сітуацыю на БелАЭС



У адказ „на паступленне пытанняў з нагоды працы першага энергаблока Беларускай АЭС” Міністэрства энергетыкі паведаміла, што падчас выпрабаванняў „выяўленая неабходнасць замены асобнага электратэхнічнага вымяральнага абсталявання”.

„Работы па замене дадзенага абсталявання ажыццяўляюцца згодна з тэхналагічным рэгламентам. У цяперашні час на энергаблоку праводзяцца выпрабаванні і працы ў адпаведнасці з этапнай праграмай. Усе тэхналагічныя сістэмы функцыянуюць у штатным рэжыме”, — сцвярджаецца ў рэлізе.

Ведамства адзначае, што на першым энергаблоку працягваецца этап „Энергетычны пуск”, які прадугледжвае рэжымы працы энергаблока на розных узроўнях магутнасці (да 500 МВт), а таксама праверку ўстойлівасці працы энергасістэмы пры неаднаразовым яе паніжэнні.

Літоўскі аператар сістэмы перадачы электраэнергіі Litgrid паведаміў, што з поўдня 8 лістапада электраэнергія на Беларускай АЭС не выпрацоўваецца.

9 лістапада ў беларускіх тэлеграм-каналах з’явілася паведамленне, што напярэдадні турбіна першага энергаблока БелАЭС была спыненая з прычыны выхаду са строю трансфарматараў напружання на адным з агрэгатаў. У паведамленні гаварылася, што аналагічнае здарэнне было на Ленінградскай АЭС і небяспекі не ўяўляе, аднак ліквідацыя наступстваў інцыдэнту зойме шмат часу, на працягу якога электраэнергія выпрацоўвацца не будзе.

У прэс-службе БелАЭС аператыўна атрымаць інфармацыю наконт бягучай сітуацыі на станцыі не ўдалося.

belapan.by

Фота: eurasia.expert