Ці варта чакаць новыя прэзідэнцкія выбары?



Грамадскі актывіст Віктар Карняенка распавёў пра тое, ці трэба верыць у “гарантаваныя” новыя выбары.

6 лістапада падчас адкрыцця новых станцый сталічнага метро Лукашэнка заявіў: “Некаторыя ад нас патрабуюць новыя выбары. Гарантую вам новыя выбары – тады, калі вы прымеце рашэнне. Гарантую!”

Віктар Карняенка: Я веру, што новыя прэзідэнцкія выбары пройдуць у хуткім часе. Але яны пройдуць не таму, што так захацеў Лукашэнка. Хутчэй за ўсё, гэта адбудзецца супраць яго волі, магчыма, прымус ідзе ад расейскага кіраўніцтва.

Але больш я веру ў словы Лукашэнкі, калі ён казаў, што “пакуль вы мяне не заб’еце, іншых выбараў не будзе”.

РР: Праўладныя палітыкі пастаянна кажуць, што найперш трэба прыняць новую Канстытуцыю, а ўжо затым праводзіць выбары. Для чаго хочуць пайсці на такі крок?

Віктар Карняенка: Змены ў Канстытуцыю зараз абсалютна неактуальныя, але агульная рыторыка праўладных дзеячаў заключаецца ў адцягненні ўвагі ад галоўнага, каб збіць хвалю пратэстаў.

Але ж народ у нас пратэстуе не таму, што ў краіне дрэнная Канстытуцыя, а таму, што сфальсіфікавалі выбары і адкрыта паздзекаваліся з выбарцаў. Самі сябры камісіі распавядалі затым, як іх прымушалі ладзіць гэтыя фальсіфікацыі, але ніводнай крымінальнай справы не было за гэта распачата.

Таму хваробу трэба лячыць канкрэтна ад таго, чым пацыент захварэў. А тут нам прапаноўваць перад выбарамі яшчэ, як кажуць, пафарбаваць плот у горадзе, каб не было пратэстаў.

Таму перадумовы павінны быць простымі – спыненне рэпрэсій, вызваленне палітвязняў, расследаванне фактаў катавання, новыя выбары, пасля чаго легітымныя органы ўлады пачнуць займацца Канстытуцыяй.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя