Андрэй Пачобут: Падобная сітуацыя была і ў 2010 годзе…



Журналіст і актывіст Саюза палякаў на Беларусі Анджэй Пачобут выказаўся пра тое, чаму сёння рэжым Беларусі крытыкуе Польшчу.

9 лістапада ў МЗС Беларусі сустрэліся з часовым павераным у справах пасольства Польшчы ў Беларусі Марцінам Вайцяхоўскім.

Паведамляецца, што беларускі бок выказаў заклапочанасць у “сувязі з пацверджанымі і задакументаванымі фактамі арганізаванай злачыннай дзейнасці з тэрыторыі Польшчы, якая наносіць шкоду жыцця і здароўю беларускіх грамадзян, грамадскай бяспекі, дзяржаўнай і прыватнай маёмасці ў Беларусі”.

Андрэй Пачобут: Хутчэй за ўсё, беларускі бок незадаволены інфармацыйнай дзейнасцю польскага тэлеканала “Белсат” і некаторых іншых СМІ і блогераў. З пункту гледжання беларускага рэжыму, гэта, відаць, і можна прыраўняць да “арганізаванай злачыннай дзейнасці з тэрыторыі Польшчы”.

Гэта якраз упісваецца ў логіку рэжыму, які таксама лічыць, што на вуліцы Менска ўжо тры месяцы выходзяць з пратэстамі “наркаманы, алкаголікі і прастытуткі”. Таму ўжо мала застаецца рэчаў, якімі можна здзіўляцца, хаця, як кажуць, дно яшчэ, напэўна, не прабілі.

РР: А можа афіцыйнаму Менску не падабаецца тая дапамога, якую суседняя краіна аказвае рэпрэсаваным беларусам?

Андрэй Пачобут: Мне падаецца, што гэта проста працяг той кампаніі, якую беларускі рэжым праводзіць ужо працяглы час супраць Польшчы. Адзіны іх аргумент – гэта менавіта інфармацыйная дзейнасць, падтрымка незалежных беларускіх СМІ.

РР: Да выбараў ворагаў шукалі ў іншым накірунку – у Расеі…

Андрэй Пачобут: Тут нічога новага, падобная сітуацыя была і ў 2010 годзе. І гэтага трэба было чакаць зараней. Дзіўна было б, калі здарылася б інакш.

Да выбараў у рэжыма была патрэба ў дыялогу з Захадам, бо былі неабходны грошы. Масква апошнім часам пераставала фінансаваць улады Беларусі, а таму апошнія пачалі як быццам дыялог з Захадам, паляпшэнне ў стасунках адчувалася. Дэзінфармацыя, на якую Захад шчыра купіўся, спрацавала, але, калі беларускі рэжым падчас выбараў зразумеў, што крэсла пад ім моцна захісталася, было ўжо не да ювелірнай гульні з Захадам. Крызіс паказаў тое, наколькі можна верыць у байкі гэтага рэжыму.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя