Гарадзенскай “Адметнасці” – два гады



Гарадзенскай “Адметнасці”, прасторы, што распачыналася як крама з нацыянальным каларытам – два гады.

Пра асаблівасці працы прасторы распавядае яе заснавальнік Сяргей Верамеенка:

– За гэты, здавалася б невялікі, тэрмін, я думаю, нам удалося шмат чаго. Акрамя таго, што гэта гандлёвая кропка, мы таксама  ўдзельнічалі ў разнастайных мерапрыемствах, у тым ліку  – культурніцкіх, гістарычных, дапамагалі і ўдзельнічалі ў святакаванні нашых традыцыйных святаў – 100, 101,102 гады БНР.

Па словах Сяргея Верамеенкі, прадстаўнікі прасторы займаюцца таксама й дабрачыннасцю:

– Рэгулярна дапамагаем нашым зняволеным сябрам, у тым ліку Аляксею Шчадрову – гэта каталіцкі вернік, які ўтрымлівае ў вёсцы Аляксандраўка прытулак для бяздомнікаў. На жаль, гэтая тэма адышла вельмі далёка. Яна зараз не самая папулярная на фоне гэтых гістарычных падзей, якія зараз у нас адбываюцца. Тэма дапамогі бяздомным і тым, каму зараз складана, яна адыходзіць кудысьці, можа, на апошні план.

Сяргей Верамеенка вельмі рады, што наведвальнікі прасторы цікавяцца не толькі беларускай гісторыяй, але таксама нацыянальнай традыцынай вопраткай й культураю.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча