Ігар Шыманчык: Ёсць магчымасць спыніць увесь гэты гвалт улады
Група юрыстаў тэлеграм-канала “Свабодныя беларусы” яшчэ ў жніўні прапанавала бяспечнае рашэнне канфліктнага пытання, якое ўзнікла паміж беларускім народам і ўладай. Па трэцяму артыкулу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь народ можа скарыстацца сваёй уладай непасрэдна. Юрысты склалі дакумент, які павінны падпісаць беларусы не менш трох з паловай мільёнаў. Такая колькасць падпісаных заяў наўпрост прывядзе нас да новых выбараў і да спынення насілля і праліцця крыві з боку ўлады. Адбудзецца мірнае ўрэгуляванне канфлікту.
З заявай можна пазнаёміцца на сайце тэлеграм-канала “Свабодныя беларусы”, кажа грамадскі актывіст Ігар Шыманчык з Бярозы:
– Гэты дакумент становіцца вярхоўным законам Рэспублікі Беларусь, якому павінны падпарадкавацца ўсе дзеючыя галіны ўлады, у тым ліку і кіраўнік краіны. Мы разумеем пра фальсіфікацыі выбараў, аднак у нас няма доказнай базы ўсяго аб’ёму пратаколаў. Мы не можам абвергнуць гэтых дакументаў юрыдычна на законных падставах. Чым хутчэй гэта людзі зразумеюць, тым лягчэй і хутчэй мы зрушымся з месца.
Паводле Ігара Шыманчыка, подпіс заявы не нясе ніякай асабістай пагрозы. Падпісваеш і здымак заявы дасылаеш па інтэрнэт-адрасе. Вынік абнародуецца толькі пры трох з паловай мільёнах заяў. Тады ўжо няма чаго баяцца. Саму заяву можна скачаць з сайта. Удзел у гэтым ініцыятары просяць прыняць не толькі грамадзян Беларусі, але і беларусаў замежжа.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя