Партыя БНФ выказала падтрымку Святлане Ціханоўскай



У межах ХХ З’езду Партыі БНФ, што адбыўся 8 лістапада, была вызначаная пазіцыя партыі што да іншых палітычных сілаў. Па выніках была распрацаваная заява Аб прынцыпах БНФ у стаўленні да іншых палітычных сілаў дэмакратычнай апазіцыі”.

У заяве, сярод іншага, адзначаецца, што ў час абуджэння беларускага народу і яго абурэння свавольствам ды гвалтам з боку дыктатарскага рэжыму вялікі крэдыт даверу ад беларускага грамадства атрымала Святлана Ціханоўская, як кандыдатка на выбарах прэзідэнта, з чыім імем вялікая маса беларускіх грамадзянаў звязала свае надзеі на вызваленне ад прыгнёту.

Партыя БНФ вітае і падтрымлівае намаганні гэтай палітычнай сілы дзеля дэмакратызацыі Беларусі, пацвярджае сваю падтрымку патрабаванням правядзення новых сумленных выбараў усіх узроўняў.  Цяпер, калі значная частка паплечнікаў спадарыні Ціханоўскай знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі ці за кратамі, Партыя БНФ выказвае салідарнасць з імі, высока ацэньвае намаганні структур вакол спадарыні Ціханоўскай дзеля кансалідацыі беларускай дыяспары і заклікае іх каардынаваць сваю дзейнасць з Радай БНР як легітымным палітычным дэпазітарам беларускай незалежнай дзяржаўнай традыцыі.

БНФ заяўляе, што мае ўласную праграму і будуе стасункі з іншымі палітычнымі сіламі зыходзячы з каштоўнасцяў Беларускага народнага фронту: свабоды, дзяржаўнай незалежнасці і нацыянальна-культурнага Адраджэння беларускай нацыі. Аднак пры гэтым партыя заяўляе, што цяперашні рэжым у Беларусі не прадугледжвае магчымасці канкурэнцыі розных партыйных праграмаў.

Разам з тым ва ўмовах грамадскага ўздыму актывізаваліся і некаторыя антыбеларускія сілы, якія ў сённяшнім палітычным крызісе пабачылі шанец для ўвасаблення сваіх планаў што да дэмантажу беларускай дзяржаўнасці і ліквідацыі Беларусі як суверэннай дзяржавы – гаворыцца ў заяве з’езду БНФ.

Партыя БНФ заклікае ўсе дэмакратычныя аб’яднанні Беларусі выразна і недвухсэнсоўна падтрымліваць прынцыпы незваротнасці беларускай дзяржаўнай незалежнасці, што ёсць важнай зарукай адзінства дэмакратычнага руху. Асабліва важным і жыццёва неабходным БНФ лічыць патрэбу ўстрымацца ад якіх-кольвек заклікаў што да расейскага ўмяшальніцтва ў цяперашні палітычны крызіс у Беларусі: звароты якіх-кольвек палітычных сілаў па дапамогу да кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі з’яўляюцца недапушчальнымі, пад якімі бы лозунгамі такія звароты не рабіліся.

Прэс-служба Партыі БНФ