Гарадзенка атрымала палітычны прытулак у Грузіі



Гарадзенка Вольга Быцкевіч атрымала палітычны прытулак у Грузіі.

Дзяўчына не змагла вылецець дахаты з-за каронавірусу, а цяпер баіцца вяртацца з-за палітычнай сітуацыі ў Беларусі.

– МЗС Беларусі пачало арганізоўваць чартары па вывазе людзей з краіны. Але ў сувязі з тым, што ў Беларусі нестабільная сітуацыя з каронавірусам і беспарадкі, то маё жыццё і жыццё майго дзіцяці знаходзяцца ў вялікай небяспецы. Таму я выбрала жыццё.

Па словах дзяўчыны, яна баіцца вяртаца дадому і з-за таго, што невядомыя затрымліваюць таксама цяжарных жанчын, якія выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю:

– Напісала на пошту ліст адвольнай формы, што я грамадзянка Беларусі, што мне страшна ехаць дадому, папрасіла абарону ў грузінскага боку, каб я магла застацца, каб абаранілі мяне і маё дзіця. Мне сапраўды страшна, бо ў маім горадзе ля майго дому збілі цяжарную дзяўчыну, якая страціла дзіця. Гэта сапраўды страшна. Маё жыццё не бясконцае.

Вольга Быцкевіч некалькі разоў таксама прымала актыўны ўдзел у акцыях Салідарнасці, што адбываюцца ў Грузіі, калі некалькі дзясяткаў беларусаў з бел-чырвона-белымі сцягамі ладзілі акцыі ў Батумі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня