Вялікабрытанія выслала двух беларускіх дыпламатаў



Вялікабрытанія 10 лістапада выслала двух беларускіх дыпламатаў у адказ на аналагічны крок з беларускага боку.

„Злучанае Каралеўства не спалохаецца спробаў рэжыму Лукашэнкі перашкодзіць нам казаць пра фальсіфікацыі на выбарах і гвалт над беларускім народам, які выклікае пагарду. Сёння мы выслалі двух беларускіх дыпламатаў у адказ на неабгрунтаваную высылку брытанскіх дыпламатаў”, — напісаў на сваёй старонцы ў  „Твітэры” міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Дамінік Рааб.

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз пацвердзіў БелаПАН высылку беларускіх дыпламатаў. „Так, дваім нашым дыпламатам абвешчана аб неабходнасці пакінуць тэрыторыю Вялікабрытаніі. Пакуль без падрабязнасцяў”, — сказаў ён.

8 лістапада Беларусь абвясціла персонамі нон грата двух супрацоўнікаў пасольства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі — намесніка пасла Лісу Тамвуд і вайсковага аташэ Тымафі Уайт-Бойката. Абодва дыпламаты 9 лістапада пакінулі краіну.

Паводле слоў Анатоля Глаза, такое рашэнне прынятае „з-за дзейнасці, несумяшчальнай са статусам дыпламатычнага агента, са статусам дыпламата, а таксама з мэтамі знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь”.

У сюжэце навін тэлеканала ОНТ сцвярджалася, што дыпламаты ўмешваліся ва ўнутраныя справы краіны, у прыватнасці назіраннем за ходам акцый пратэсту ў сталіцы, сустрэчамі з прадстаўнікамі апазіцыі і грамадскасці, а таксама працай з брытанскімі журналістамі.

У ноч на 10 лістапада Рааб напісаў у „Твітэры”, што „выдварэнне з Беларусі двух брытанскіх дыпламатаў за законнае назіранне за акцыямі пратэсту з’яўляецца абсалютна неабгрунтаваным”.

Кіраўнік брытанскай дыпламатыі падкрэсліў, што „Лукашэнка не можа схаваць уціск уласнага народа”.

„Адзіны шлях — гэта свабодныя і справядлівыя выбары і прыцягненне да адказнасці тых, хто вінаваты ў гвалце ў дачыненні да дэманстрантаў”, — адзначыў Рааб, каментуючы палітычную сітуацыю ў Беларусі.

belapan.by

Фота: iqplanet.ru