Беларусь працягвае падрыхтоўку да ЧС па хакеі



Беларусь працягвае падрыхтоўку да чэмпіянату свету па хакеі, які пройдзе ў 2021 годзе, паведаміў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка 11 лістапада ў Менску на пасяджэнні аргкамітэта мерапрыемства. „Мы гатовыя да правядзення чэмпіянату. Бяспека спартсменаў і гледачоў будзе забяспечаная. Таму ўсе заклікі да байкоту, якія часам гучаць, няслушныя і не маюць месца”, — сказаў Галоўчанка (відэазапіс яго ўступнага слова апублікавала прэс-служба ўрада). Галоўчанка адзначыў, што да пачатку ЧС застаецца няшмат часу (плануецца з 21 мая па 6 чэрвеня ў Латвіі і Беларусі).

„У цэлым з боку Беларусі падрыхтоўка праходзіць у адпаведнасці з планам. Хачу звярнуць увагу, што спробы дыскрэдытаваць Беларусь як арганізатара мерапрыемства працягваюцца. Сёння пэўныя сілы спрабуюць выкарыстоўваць правядзенне чэмпіянату ў Беларусі як інструмент пэўнага шантажу і націску”, — лічыць прэм’ер-міністр.

У сярэдзіне верасня прэзідэнт ІІХФ Рэне Фазель заявіў, што федэрацыя з трывогай назірае за падзеямі ў Беларусі. Раней у сувязі з беларускімі падзеямі пасля прэзідэнцкіх выбараў Латвія афіцыйна заклікала ІІХФ перанесці ЧС з Беларусі ў іншую краіну.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: .ctv.by