Літва накіравала Беларусі ноту ў сувязі з інцыдэнтам на БелАЭС



 Міністэрства замежных спраў Літвы 11 лістапада накіравала Беларусі дыпламатычную ноту „з нагоды афіцыйнай інфармацыі пра інцыдэнт, які адбыўся пры ўводзе Беларускай АЭС у эксплуатацыю”, паведамляе сайт літоўскага знешнепалітычнага ведамства.

Як адзначаецца ў ноце, „для Літвы і ўсёй міжнароднай супольнасці важна сачыць за афіцыйнай і факталагічнай інфармацыяй аб сітуацыі на Беларускай АЭС”.

Літоўскі бок патрабуе ад Беларусі „неадкладна адрэагаваць, растлумачыўшы ўзнікненне інцыдэнту, яго прычыны, а таксама ўплыў на працэс уводу ядзернай устаноўкі ў эксплуатацыю і арганізацыю ядзернай бяспекі”.

У ноце, паведамляе МЗС, Літва „падкрэсліла важнасць арганізацыі культуры бяспекі на АЭС у Беларусі і яшчэ раз заклікала Беларусь прыпыніць увод у эксплуатацыю ядзернай устаноўкі да таго часу, пакуль не будуць цалкам рэалізаваныя самыя высокія стандарты ядзернай бяспекі, выкананыя экалагічныя патрабаванні і рэкамендацыі па стрэс-тэстах”.

9 лістапада ў беларускіх тэлеграм-каналах з’явілася паведамленне, што напярэдадні турбіна першага энергаблока БелАЭС была спыненая з-за выхаду з ладу трансфарматараў напружання на адным з агрэгатаў. У той жа дзень літоўскі аператар сістэмы перадачы электраэнергіі Litgrid заявіў, што з поўдня 8 лістапада электраэнергія на Беларускай АЭС не выпрацоўваецца. Увечары 9 лістапада прэс-служба Мінэнерга паведаміла, што падчас выпрабаванняў на першым блоку „выяўленая неабходнасць замены асобнага электратэхнічнага вымяральнага абсталявання”.

10 лістапада кансультант дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд) Алег Собалеў паведаміў БелаПАН, што сітуацыя на станцыі не ўяўляе небяспекі. „Учора падчас выпрабавання яны выявілі неабходнасць замены электратэхнічнага абсталявання, якое адносіцца да чацвёртага класа, гэта значыць яно не ўплывае на бяспеку”, — сказаў ён.

Паводле слоў Собалева, Дзяржатамнагляд пераканаўся ў тым, што „бяспека першага энергаблока арганізуецца належным чынам персаналам і сістэмамі бяспекі Беларускай АЭС, якія працуюць у штатным рэжыме”.

У другой палове таго ж дня Міністэрства энергетыкі афіцыйна пацвердзіла часовае прыпыненне пастаўкі электрычнай энергіі з БелАЭС у аб’яднаную энергасістэму краіны. У міністэрстве падкрэслілі, што гэта „прадугледжанае праграмай этапу „Энергетычны пуск”.

„На гэтым этапе праграмы прадугледжаныя рэжымы зніжэння магутнасці турбагенератара аж да нулявой — для правядзення выпрабаванняў і неабходных работ, уключаючы даводку і наладку абсталявання паводле вынікаў правядзення выпрабаванняў, што і адбываецца ў цяперашні час”, — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Беларуская АЭС будуецца блізу Астраўца (Гродзенская вобласць), недалёка ад мяжы з Літвой, за кошт крэдыту Расіі паводле расійскага праекта ВВЭР-1200. Генеральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам збудавання станцыі выступае кампанія „АСЭ”, якая ўваходзіць у структуру расійскай дзяржкарпарацыі „Расатам”.

3 лістапада першы блок АЭС уключылі ў энергасістэму краіны, ён пачаў выпрацоўваць электрычнасць. За першыя тры дні працы на блоку вырабілі 22 млн кілават-гадзін электраэнергіі. 7 лістапада магутнасць першага энергаблока была павышаная да 400 МВт.

Увесці першы энергаблок БелАЭС у прамысловую эксплуатацыю, пры якой ён будзе працаваць на 100% магутнасці, плануецца ў першым квартале 2021 года. Другі энергаблок, як мяркуецца, будзе выведзены на поўную магутнасць у 2022 годзе.

Паводле прагнозу Міністэрства энергетыкі, пасля выхаду на поўную магутнасць абодва блокі станцыі штогод будуць выпрацоўваць больш за 19 млрд кВт·гадз электраэнергіі.

belapan.by