У Беларусі чарговы сутачны рэкорд выпадкаў COVID-19 — 1.057 захварэлых
Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 109.357 (+1.057 за апошнія суткі), памерла 1.022 (+6) чалавекі, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.
За суткі прырост новых выпадкаў каронавіруснай інфекцыі павялічыўся: 10 лістапада было зафіксавана 1.038 заражаных і пяць смерцяў.
Міністэрства адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачуняла і выпісана 92.266 пацыентаў (620 за апошнія суткі).
Праведзены 2.750.021 тэст на каронавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 29.631.
Міністэрства аховы здароўя з вясны не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Менску, а таксама цяжкіх хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх. Ужо паўгода міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемстваў на гэтую тэму.
11 лістапада на ўсіх прадпрыемствах і ў арганізацыях усіх формаў уласнасці Полацкага раёна Віцебскай вобласці ўведзены абавязковы масачны рэжым і максімальна скарочаная колькасць масавых мерапрыемстваў.
„Маскі абавязкова трэба апранаць, уваходзячы ў крамы, гандлёвыя цэнтры, аб’екты грамадскага харчавання, установы аховы здароўя, культуры, адукацыі, спорту, сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Таксама захаванне масачнага рэжыму абавязковае пры наведванні адміністрацыйных будынкаў, аддзяленняў сувязі, пошты, банкаў, бытавога абслугоўвання, аптэк. Пасажыры грамадскага транспарту (у тым ліку маршрутных таксі і таксі) таксама абавязкова павінны быць у масцы. Планёркі і рабочыя нарады, перамовы прадпісана праводзіць у фармаце відэаканферэнцый”, — адзначаецца на сайце райвыканкама.
Раней у мэтах прафілактыкі распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі масачны рэжым быў уведзены ў Магілёве, Бабруйску, Клічаўскім і Крычаўскім раёнах (Магілёўская вобласць), Лідзе і Астравецкім раёне (Гарадзенская вобласць), а таксама на ўсёй тэрыторыі Гомельскай вобласці.
У Берасці па 10 снежня ўключна ўведзеная забарона на працу пасля 23 гадзін аб’ектаў грамадскага харчавання, дыскатэк, начных клубаў і іншых забаўляльных і ігральных устаноў. Таксама ў абласным цэнтры адмененае правядзенне выстаў, прэзентацый, кірмашоў і іншых мерапрыемстваў у закрытых памяшканнях, мерапрыемстваў у гандлёва-забаўляльных і гандлёвых цэнтрах, магазінах, групавых прэзентацый, дэгустацый, рэкламных акцый і іншых мерапрыемстваў.