Памёр заводчык галубоў, ксёндз Леанід Мозгель
На 52-ым годзе жыцця адышоў у вечнасць ксёндз Леанід Мозгель. Апошнім часам ён служыў на Глыбоччыне ў вёсцы Дзеркаўшчына. Памёр ксёндз, як сцвярджаюць вернікі з яго парафіі, ад каронавірусу і спадарожных хваробаў. Днём раней памерла і яго маці Станіслава.
Ксёндз быў яшчэ вядомы на Віцебшчыне тым, што разводзіў розныя пароды галубоў. Разам з гэтымі птушкамі, якіх у яго было дзясяткі, ён пераязджаў з адной парафіі ў іншую, калі атрымліваў новае прызначэнне.
Сёння, 11 лістапада, памінальную службу па ім у Дзеркаўшчыне ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч:
– Развітваемся з ксяндзом Леанідам, які, нарадзіўшыся на Гарадзеншчыне, усё сваё святарскае жыццё працаваў на Віцебшчыне, ва ўсходняй частцы. Быў адданым святаром, быў вельмі сціплым чалавекам, быў тым, хто вельмі адказна падыходзіў да гэтага вялікага дару, якім ёсць пакліканне да святарства. І людзі, сапраўды, з вялікай удзячнасцю ўспамінаюць яго як чалавека, як святара.
Пахаванне ксяндза Леаніда Мозгеля і яго маці Станіславы адбудзецца ў чацвер 12 лістапада ў Старых Васілішках Гарадзенскай вобласці. Там ён быў ахрышчаны і нарадзіўся непадалёк, у вёсцы Карэвічы.
Ксёндз Леанід Мозгель скончыў Вышэйшую Духоўную Семінарыю ў Гародні ў 2001 г. Працаваў у каталіцкіх парафіях Віцебшчыны – у Ветрыне, Фарынаве, Блізніцы, Бягомлі, Павяцці, Ідолце і Дзеркаўшчыне.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя