Журналіст БелаПАН Павел Дабравольскі – 15 сутак пакінутая без зменаў



Пастанова па адміністрацыйнай справе, у адпаведнасці з якой журналіст БелаПАН Павел Дабравольскі арыштаваны на 15 сутак, пакінутая без зменаў, паведаміў ягоны адвакат Сяргей Зікрацкі.

Скаргу на рашэнне суда першай інстанцыі на пасяджэнні Мінскага гарадскога суда 11 лістапада разглядала суддзя Вера Галаўкова.

Дабравольскага затрымалі днём у пятніцу, 30 кастрычніка. У 12.36 у рэдакцыю ад яго паступіла паведамленне: „Міліцыя ў масках прыйшла”. У гэты час ён знаходзіўся не ў офісе. Пасля гэтага мабільны тэлефон Дабравольскага стаў недаступны, на паведамленні ў мэсэнджарах ён таксама не адказваў.

На пасяджэнні суда Фрунзенскага раёна Мінска 2 лістапада суддзя Юлія Блізнюк прызнала Дабравольскага вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі 18 кастрычніка (ч. 1 арт. 23.34 КоАП) і пастанавіла пакараць яго арыштам. Між тым Дабравольскі быў на акцыі ў якасці журналіста і меў пры сабе пасведчанне супрацоўніка СМІ.

Журналіста ўтрымліваюць у ізалятары ў Баранавічах.

Днём 11 лістапада выйшлі 72 гадзіны з моманту затрымання карэспандэнта БелаПАН Яна Аўсеюшкіна. Звестак аб тым, што канкрэтна яму ставяць у віну, а таксама ці адбыўся суд, няма. Вядома толькі, што ён знаходзіцца ў ізалятары ў Жодзіне.

Аўсеюшкін быў затрыманы 8 лістапада насупраць сталічнага гандлёва-забаўляльнага цэнтра Galleria Minsk падчас асвятлення Маршу народаўладдзя. Пра затрыманне ён паспеў паведаміць сваякам па тэлефоне.

belapan.by