Літва патрабуе інфармацыі пра інцыдэнт на БелАЭС
Літва накіравала ноту ў Менск і чакае афіцыйнай інфармацыі пра інцыдэнт на Беларускай АЭС.
Днямі „падчас выпрабаванняў” там была „выяўлена неабходнасць замены асобнага электра-тэхнічнага вымяральнага абсталявання”. Станцыя перастала выпрацоўваць электраэнергію.
Літоўскі МЗС спадзяецца, што ў афіцыйным адказе беларускі бок паведаміць і прычыны інцыдэнту, і яго ўплыў на працэс запуску станцыі, на атамную бяспеку, паведамляе Delfi.
Падкрэсліваецца, што гэта цікавіць не толькі Вільню, але і „ўсю міжнародную грамадскасць”.
Напярэдадні чыноўнікі Міністэрства энергетыкі Беларусі заявілі, што праграма запуску Беларускай АЭС прадугледжвала часовае спыненне вытворчасці электраэнергіі.
Інцыдэнт на АЭС адбыўся 8 лістапада, на наступны дзень пасля візіту Аляксандра Лукашэнкі, які афіцыйна адкрыў станцыю і заявіў, што Беларусь „становіцца ядзернай дзяржавай”.
Беларускае Радыё Рацыя