Пра торцікі ад ігуменні
Жыве сабе недзе ў манастыры ігумення. Ніхто пра яе раней не ведаў. І добра было б, калі б і далей не даведаўся. На тое і манахіні, каб адрачыся ад жыцця мірскога. Гэта толькі ў творах Дзюма каханка Д’артаньяна Канстынцыя Банасье хаваецца ў жаночым манастыры. І тое, тая справа не вельмі добра скончылася, як мы памятаем з кнігі ці фільма пра трох мушкецёраў. Ніхто б у звычайным, свецкім жыцці, тую ігуменню не ўзгадваў бы. Сваіх справаў шмат, каб яшчэ лезці ў жыццё манастырскае. Але ж убачылі мы спачатку тую ігуменню на жаночым форуме “За Беларусь”, дзе яна назвала пратэстоўцаў вар’ятамі і сектантамі, якія крычаць д’ябальскія выкрыкі. Потым яна папрасіла прабачэння ў тых, каго абразіў ці закрануў яе выступ. І вось, не прайшло і двух месяцаў, як пра ігуменню загаварылі зноў. Думаеце, з нагоды таго, што яна стварыла якую-небудзь бальніцу для цяжкахворых, незалежна ад іх веравызнання ці палітычных поглядаў? Не. Ігумення не паехала ні ў раён стыхійнага бедства, ні адзначылася стварэннем прытулку для бедных.
Ігумення наведала гарадзенскую абласную міліцыю. Вырашыла яна, як у той песні кракадзіла Гены з дзіцячага мульціка, падарункі для міліцыі зрабіць. А менавіта: торцікамі міліцыю пачаставаць. Толькі ў дзіцячай песні чараўнік дарыў пяцьсот эскімо з нагоды дня народзінаў. А тут ігумення торцікамі частавала ў дзень ушанавання ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў. І на торціках надпісы яшчэ кшталту: “Дзякуй АМАПу за мір, парадак і патрыятызм”. І ўсё было б добра. Калі б не тое, што пачало адбывацца пасля 9 жніўня: калі б не ўсе гэтыя катаванні, затрыманні і забойствы беларусаў. Калі б не ўсё гэта, то тады няхай бы ігумення хадзіла, да каго заўгодна з торцікамі. Гэта было б цікава толькі чытачам якой-небудзь раёнкі.