Пра асаблівасці псіхалогіі абаронцаў рэжыму



Вось ужо некалькі месяцаў навіны з Беларусі распавядаюць пра дзікунскія выпадкі пераследу апанентаў рэжыму, звальненне вядучых музыкаў Опернага тэатра, разгон трупы Купалаўскага, арышты музыкаў і медыкаў, пазбаўленне волі знакамітых спартоўцаў. Словам, усе тыя дасягненні беларускай нацыі, якімі ганарацца беларусы, знішчаюцца бязлітасна прыхільнікамі ўлады толькі на той падставе, што той ці іншы грамадзянін альбо калектыў выказваюцца за дэмакратычныя перамены і справядлівыя выбары. Нечуваныя факты варварства ў дачыненні да людзей, якія з’яўляюцца гонарам нацыі, выклікаюць дысананс у многіх суайчыннікаў. Беларусы шчыра не вераць у тое, што на такое здольныя іх суседзі па вуліцы, знаёмыя альбо нават сваякі.

Памятаю, як на адным з гомельскіх рынкаў гандлярка шчыра пераконвала мяне, што за брутальныя разгоны мірных пратэстоўцаў адказныя найміты з адной суседняй краіны. На мае крытычныя пярэчанні пра тое, што сярод нашых суродзічаў поўна нягоднікаў яна рашуча казала: “Не, беларусы — людзі памяркоўныя. Яны на такое не здольныя”. Аднак у свабодным доступе ў Інтэрнэце хапае доказаў, каб сцвярджаць, што акты гвалту, якія па многіх крытэрах цягнуць на цяжкае абвінавачанне ў генацыдзе ўласнага народу, арганізоўваюць беларусы па паходжанню з Гарадзеншчыны, Магілёўшчыны, Берасцейшчыны, Гомельшчыны і іншых рэгіёнаў нашай краіны. А найбольш адыёзныя таварышы — увогуле нарадзіліся ў Менску. Дык адкуль у хлопцаў у форме бярэцца такая нянавісць да сваіх суайчыннікаў, віна якіх – толькі ў тым, што яны бачаць будучыню Беларусі інакш?

Прычыны вайны, развязанай супраць беларускага народу сілавымі структурамі, наўрад ці абумоўленыя іх перакананасцю ў сваёй рацыі. Псіхалогія пераможцы выключае расправу над безабароннымі і слабымі людзьмі. А вось тыя, хто перамог у несумленнай барацьбе, часта якраз зрываюць сваю злосць на суперніках. Асобная тэма – прамовы прадстаўнікоў афіцыйных эліт Беларусі і высокапастаўленых сілавікоў, якія адмаўляюць у палітычнай суб’ектнасці беларускай нацыі. Яны па-ранейшаму жывуць у ілюзіі, што нашае грамадства не даспела да дэмакратыі на заходні ўзор. Яны навязліва прапаноўваюць апякунства інстытутам соцыуму, якія даўно ў сваім развіцці пераўзышлі так званыя эліты.

Агрэсія кіраўніцтва краіны абумоўленая абсалютнай дэзарыентацыяй і неразуменнем спецыфікі сітуацыі, якая незваротна змянілася за апошнія месяцы. Вялікія начальнікі па інэрцыі намагаюцца паводзіць сябе з грамадствам так, як гэта было раней, але, такое адчуванне, дзейнічаюць у нейкім вакууме. Дзеянні сілавікоў, нягледзячы на іх ілюзорную эфектыўнасць, падобныя да акцый акупацыйных войскаў, якія не могуць навесці парадак на падкантрольнай тэрыторыі, таму і прыбягаюць да брутальных метадаў задушэння пратэсту. Можна сказаць, прадстаўнікі ўлады сталі закладнікамі псіхалогіі “абаронцаў крэпасці, якая ў аблозе”. Калі не атрымліваецца нанесці паразу праціўніку, які пераважае па колькасці, то застаюцца толькі дэтальна спланаваныя вылазкі ўглыб тылу і акцыі, якія павінны дэмаралізаваць апанентаў. Аднак рана ці позна прыпасы ў абаронцаў фартэцыі скончацца, баявы дух згасне і над замкам феадала залунае белы сцяг, бо дапамогі ім чакаць няма адкуль.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ