Агляд прэсы: Расея здрадзіла Арменіі. Якія высновы павінна зрабіць Польшча?



Польскія журналісты разбіраюцца, што павінна ўсвядоміць Польшча на фоне нагорна-карабахскага канфлікту. А ў Нямеччыне пішуць пра вандалізм на выставе ў гонар спартоўцаў-габрэяў.

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:

-Польскае выданне Onet аналізуе, што павінна вынесці Польшча з канфлікту ў Нагорным Карабаху. У рэгіёне канфлікту на аснове дамовы трох краін ужо з’явіліся расейскія міратворцы. Варта дадаць, што гэтую ролю ўзялі на сябе менавіта тыя расейскія падраздзяленні, якія некалькі гадоў таму захоплівалі Крым. Перамаглі азербайджанцы, якія нанеслі армянскім сілам адчувальныя страты і адбілі значную частку Нагорнага Карабаха. Пераможцам выйшаў з канфлікту і сам прэзідэнт Азербайджана, вярнуўшы сваёй краіне землі, якія не змог абараніць яго бацька Гейдар Аліеў. Раней ён знаходзіўся ў цені свайго продка, але цяпер канчаткова замацаваў сваю пазіцыю. Арменія, якая мяжуе з аднаго боку са сваім смяротным ворагам, а з другога з яго саюзніцай, Турэччынай, на працягу многіх гадоў прытрымлівалася выразнага прарасейскага курсу. У выніку гэта не давяло да дабра. Калі Баку паслядоўна пашыраў сваё поле для манеўру, то Ерэван паставіў усё на Маскву. Некаторы час здавалася, што Маскву падзеі заспелі знянацку. Адначасова яна пачала перакідваць ў рэгіён свае сілы спецыяльнага прызначэння. З аднаго боку, Крэмль не мог адкруціцца ад саюзніка, Арменіі, але з другога, таксама не мог рызыкаваць разрывам з Азербайджанам, які не залежыць ад Расеі. Спачатку дзяржавай, якая гуляла ў канфлікце першую скрыпку, была Турэччына. Як думаюць некаторыя аналітыкі, менавіта яна падштурхоўвала Баку да вайны. Азербайджан атрымаў перамогу дзякуючы атрыманым ад туркаў дронам, якія грамілі армянскія сілы, што не былі гатовыя да такога ўзбраення.

Аднак Масква толькі на першы погляд знаходзілася ў складаным становішчы: яна разумела, што можа здрадзіць Ерэвану, счакаўшы, калі армяне пагодзяцца, хай нават на самыя зневажальныя ўмовы перамір’я. Масква здраджвае Арменіі, змушаючы яе пагадзіцца з азербайджанскімі тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі, але адначасова і ратуе яе. Расейскі верталёт збілі турэцкай ракетай, таму можна прыйсці да высновы, што зрабілі гэта, хутчэй за ўсё, туркі, Анкара разам з Баку кінула Маскве выклік. Дыпламаты абедзвюх краін, аднак, разумелі, што ў выніку ім у любым выпадку прыйдзецца прыйсці да пагаднення, паколькі ўступаць у адкрыты канфлікт з Расеяй яны сабе дазволіць не могуць. Польшчы варта звярнуць увагу на некаторыя аспекты нагорна-карабахскага канфлікту. Па-першае, Азербайджан на працягу многіх гадоў мацаваў сваю пазіцыю, стараўся падтрымліваць добрыя адносіны з усімі, з кім толькі магчыма, укладаў грошы ў войска і нанёс удар толькі тады, калі надышоў зручны момант. Арменія, насупраць, дэманстравала сілу, рэальна ёй не валодаючы. Па-другое, як справядліва адзначыў былы амбасадар Польшчы ў Арменіі Ежы Марэк Навакоўскі, армянская палітыка паказвае, да чаго прыводзіць імкненне «класці ўсе яйкі ў адзін кошык». Ерэван паставіў толькі на Крэмль, у выніку склалася такая сітуацыя, што той змог яму беспакарана здрадзіць. У размове з „Онет” дыпламат не хаваў, што, каментуючы падзеі ў Закаўказзі, мае на ўвазе й Польшчу, якая ў апошнія гады пасварылася са шматлікімі партнёрамі і стала абапірацца выключна на ЗША. Між тым моцныя дзяржавы парой адварочваюцца ад сваіх саюзнікаў. Чым больш ваяўнічыя, а на самай справе слабыя іх партнёры, чым часцей тыя канфліктуюць з суседзямі, звужаючы такім чынам сваё поле для манеўру, тым вышэй рызыка падобнага развіцця падзей. Разыходжанні інтарэсаў і канфлікт, насуперак таму, як прынята лічыць у Польшчы, гэта не адно і тое ж.

Статуі з плексігласу, якія прывезлі ў нямецкі горад Бохум на вандроўную выставу пра габрэйскіх атлетаў, разграмілі вандалы. Нямецкі футбольны звяз назваў гэта акцыяй з антысеміцкім падтэкстам. Футбольная асацыяцыя Германіі (DFB) асудзіла знішчэнне ў Бохуме фігурак з аргшкла ў натуральную велічыню, на якіх былі намаляваны вядомыя нямецкія спартоўцы габрэйскага паходжання. Статуі былі часткай выставы „Паміж поспехам і пераследам — габрэйскія зоркі ў нямецкім спорце да 1933 года і далей”, піша Deutsche Welle. Экспазіцыя, над якой, у прыватнасці, працуе Культурны фонд Нямецкага футбольнага звязу, дэманстравалася з 8 кастрычніка і была разабрана ў аўторак. На працягу ночы з панядзелка на аўторак невядомыя вандалы знішчылі фігуры з аргшкла спартоўкі Лілі Хенах і алімпійскіх чэмпіёнаў па гімнастыцы, стрыечных братоў Альфрэда і Густава-Фелікса Флатаў. Напад адбыўся, калі Нямеччына ўшаноўвала памяць ахвяр нацысцкага пагрому 9 лістапада 1938 года, больш вядомага як Крыштальнахт, альбо „Крыштальная ноч”. „Мы ў жаху ад навіны пра наўмыснае знішчэнне некалькіх фігур на выставе”, — сказаў старшыня Фонду культуры DFB Гётрык Вэвер. Паводле яго слоў, час і характар акту вандалізму намякаюць на антысеміцкі матыў. У папярэднія тыдні фігуры стрыечных братоў-Флатаў былі ўжо распісаныя антысеміцкімі лозунгамі. Фігура з выявай Вальтэра Бенсэмана, аднаго з заснавальнікаў Нямецкага футбольнага звязу, таксама была пашкоджана раней. Выстава на адкрытым паветры, якая адлюстроўвае жыццё і пакуты нямецка-габрэйскіх спартоўцаў, гастралюе па Нямеччыне з 2015 года. Бохум быў 17-м прыпынкам агульнанацыянальнага туру. „Злоснае знішчэнне фігур на гэтай важнай выставе пакідае нас агаломшанымі”, — сказаў мэр Бохума Томас Эйскірх.

„Бохум быў і застанецца касмапалітычным і памяркоўным горадам, у якім культуры памяці заўсёды ёсць месца”, — яго цытуе „Нямецкая хваля”. Раней падобным нападам скульптуры спартоўцаў-габрэяў падвяргаліся ў Франкфурце-на-Майне.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: РИА Новости