Журналіста Алега Груздзіловіча асудзілі на 15 сутак



У судзе Фрунзенскага раёну Менску 12 лістапада судзілі журналіста Алега Груздзіловіча. 61-гадовага рэпарцёра абвінавацілі ва ўдзелу ў акцыі пратэсту, якую ён асвятляў. Суддзя — Марына Ярохіна.​

Алег Груздзіловіч быў затрыманы 10 лістапада: міліцыянты прыйшлі а 19.30 у яго кватэру і прадэманстравалі яму здымкі з акцыі пратэсту 25 кастрычніка ў Менску. «Міліцыянты сказалі, што трэба нешта яшчэ ўдакладніць і адвезлі яго ў Фрунзенскае РУУС Менска, дзе яго нібыта чакае ўчастковы», — паведаміла тады жонка Алега Мар’яна.

Падчас суда Алег Груздзіловіч сцвярджае, што працаваў на акцыі як журналіст па заданні газеты «Народная воля», меў на сабе камізэльку з надпісам «Прэса» і журналісцкае пасведчанне. Нягледзячы на гэта, суддзя Ярохіна прысудзіла журналісту 15 сутак арышту.

Алег Груздзіловіч — вядомы беларускі журналіст, спецыялізуецца ў праваабарончай тэматыцы, больш за 20 год адпрацаваў карэспандэнтам Радыё Свабода, меў акрэдытацыю МЗС да 29 жніўня 2020 году, калі былі пазбаўленыя акрэдытацыі чатыры карэспандэнты Свабоды. Алег супрацоўнічаў з незалежнымі беларускімі СМІ, аўтар кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро».

Адміністрацыйныя арышты за кратамі цяпер адбываюць 17 журналістаў. Усе яны выконвалі прафесійныя абавязкі.

novychas.by