Лаўроў абвясціў аб люстраных санкцыях супраць Францыі і Германіі



Расея ўвяла люстраныя санкцыі супраць Францыі і Германіі, якія сталі адказам на санкцыі Еўразвяза з-за атручвання Аляксея Навальнага. Пра гэта на прэс-канферэнцыі абвясціў міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў.

Паводле яго слоў, санкцыі тычацца кіруючых супрацоўнікаў апаратаў кіраўнікоў ФРГ і Францыі.

«Паколькі лакаматывам санкцый Еўразвяза ў сувязі з Навальным была Германія, паколькі гэтыя санкцыі прама закранаюць кіруючых супрацоўнікаў адміністрацыі прэзідэнта Расейскай Федэрацыі, нашы санкцыі ў адказ будуць люстранымі. Яны ўжо прынятыя, хутка мы паведамім пра гэта нашым германскім і французскім калегам», – цытуе «Інтэрфакс» словы міністра.

Таксама, заявіў Лаўроў, у Расеі ёсць усе падставы меркаваць, што Навальнага маглі атруціць на тэрыторыі Германіі ці ў самалёце, які даставіў яго ў берлінскую клініку «Шарытэ».

15 кастрычніка Еўразвяз увёў санкцыі супраць шасці расейскіх чыноўнікаў, а таксама Дзяржаўнага навукова-даследчага інстытута арганічнай хіміі і тэхналогій (ГосНИИОХТ), у якім, як лічыцца, у савецкі час ствараўся «Навічок».

Пад санкцыі трапілі дырэктар ФСБ Аляксандр Бортнікаў, начальнік упраўлення прэзідэнта Расеі па ўнутранай палітыцы Андрэй Ярын, першы намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Сяргей Кірыенка, намеснікі міністра абароны Аляксей Крываручка і Павел Папоў, а таксама прадстаўнік прэзідэнта ў Сібірскай федэральнай акрузе Сяргей Мяняйла.

meduza.io