У віцябляніна Аляксандра Мацеюка міліцыя шукала “нерэкамендаваную” сімволіку
Да спадара Аляксандра міліцыя прыйшла з пастановай на агляд кватэры. Яму патлумачылі, што следчыя дзеянні праводзяцца паводле адміністрацыйнай справы, распачатай за фотаздымак з бел-чырвона-белымі сцягамі.
І што канкрэтна шукалі, самі міліцыянты патлумачыць не змаглі, кажа Аляксандр Мацяюк:
– Гэта гучала як “незаконная сімволіка”. Тады я папрасіў спіс такой недазволенай сімволікі. Яны кажуць: “Ну, не тое каб недазволеная… Нерэкамендаваная!”. Тады кажу: “Дайце спіс нерэкамендаванай”. Адказваюць: “Не. Гэта непажаданая сімволіка”… На сваім тэлефоне супрацоўнік міліцыі паказаў мне той здымак: некалькі чалавек стаяць са сцягамі. Нічога дрэннага не робяць.
Супрацоўнікі міліцыі агледзелі кватэру і не знайшлі нічога, што можна было б канфіскаваць і далучыць да справы. Пайшлі ні з чым. На думку Аляксандра Мацеюка, падобных аглядаў могуць і іншыя актывісты. Асабліва тыя, што былі асуджаныя за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Спадар Аляксандр таксама быў неаднойчы пакараны і “суткамі”, і штрафамі нібыта за ўдзел у несанкцыянаваных пікетах падчас мінулай выбарчай кампаніі. Ён мяркуе, што нечаканыя візіты міліцыянтаў – гэта хутчэй спробы запалохвання і ціску, чымсьці насамрэч захады па раскрыцці нейкіх справаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск