Актывісты Задзіночання беларускіх студэнтаў знаходзяцца ў КДБ
Паводле звестак праваабаронцаў, раніцай адбыліся вобшукі ў сямі актывістаў ЗБС, сярод якіх член Каардынацыйнай рады, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па справах моладзі і студэнтаў Алана Гебрэмарыям, а таксама Ксенія Сырамалот, Ягор Канеўскі, студэнткі БДПУ Кася Будзько і Яна Арабейка.
„Па стане на 18.40 яны ў КДБ”, — паведамляюць праваабаронцы.
Алана Гебрэмарыям займалася аказаннем дапамогі студэнтам, якія зазналі рэпрэсіі за сваю пазіцыю. „Мы праводзім кансультацыі і дапамогу па пытаннях паступлення ў новыя ВНУ, рэлакацыі і прызыву ў войска з-за адлічэння, — цытаваў Гебрэмарыям тэлеграм-канал Ціханоўскай 31 кастрычніка. — Многія ўніверсітэты за межамі Беларусі гатовыя прыняць на дыстанцыйную і вочную вучобу нашых студэнтаў. Зараз вядуцца перамовы з праграмай Каліноўскага, Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам і іншымі ўстановамі. Пры гэтым важна, каб моладзь не імкнулася пакідаць краіну і спыняць пратэсты”.